У саюзе з кукурузай

Яна – не толькі і нават не столькі зерне. Кукуруза – гэта… мяса і малако, калі прыняць да ўвагі той факт, што ў кампаніі кармавых раслін культура знаходзіцца ці не на пазіцыі чэмпіёна. Патрабуе багатага догляду, любіць цяпло, адпаведна, яе пасяўны тэрмін надыходзіць пазней. Гэта «пазней» прыйшло на Ляхавіччыну больш за тыдзень назад,
і сельгасарганізацыі вывелі на палеткі спецпасяўную тэхніку.

На атрыманне належнага зялёнага і залатога ўраджаю маіса разлічваюць ці не ўсе сельгаспрадпрыемствы. Дакладнасць і паўната выканання тэхналогіі – важны момант: што, як, калі пасееш – тое пажнеш. Ці абмалоціш, у выпадку, калі гаворка ідзе пра вырошчванне культуры на зерне.
Зыходзячы іменна з апошняй пазіцыі і працуюць зараз аграрыі. Агульнараённы кукурузна-зерневы клін планава пераўзыходзіць 2000 гектараў. ДП «Нача» ў ліку зачынальнікаў работ і з планавымі лічбамі сяўбы кукурузы на зерне справілася яшчэ «ўчора». Нядрэнна, як сведчыць справаздачная статыстыка райсельгасхарчу, стартавалі і падтрымліваюць тэмп СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор», ЗТАА «БелДан» і іншыя. Для прыкладу, у адзін з дзён бягучага тыдня аграрыі раёна ў сукупнасці адсеяліся дастаткова значна больш як на 400 гектарах плошчаў. Усяго ж кукурузай намечана засеяць больш за 7000 гектараў.
У саюзе з кукурузай ідзе і пасадка бульбы. Праўда, СВК «Ляхавіцкі» і ААТ «Жарабковічы» зменшылі плошчы пад другі хлеб – працуюць пад попыт.
Раён у асобе тых самых «Жарабковіч», «Шляху новага», райаграсэрвіса справіўся з сяўбой цукровых буракоў. І льну, вырошчваннем якога займаюцца льнозавод і льнонасенстанцыя.
Іван КАВАЛЕНКА.