Гімназічная кухня

Яшчэ пару-тройку тыдняў – і харчовы блок гімназіі прадстане ў капітальна новым выглядзе. Рамонт гімназічнай сталоўкі вядзецца з пачатку года і выйшаў за межы самога памяшкання: адлегласць, якая звязвае перыметр тэрыторыі з галоўным уваходам у будынак установы, атрымала тратуарна-плітачнае ўбранне. Практычна і, што таксама немалаважна, эстэтычна. Інтэграваны ў ганак асноўнага ўваходу пандус новым праектам не прадугледжаны, хутка знікне, а функцыю безбар’ернага асяроддзя будзе забяспечваць спецыяльны электрапад’ёмнік.
Што ўнутры? У абедзеннай зале рамонтныя работы завершаны: капітальна адрамантаваны сцены, падвешана новая столь, поўнасцю заменена сістэма электраасвятлення, з’явілася сістэма вентыляцыі, расказаў намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Мікалай Прыхач.
У варачнай зале, іншых спецыялізаваных памяшканнях завяршаюцца аддзелачныя работы, пачынаецца напаўненне неабходным тэхналагічным абсталяваннем.
Фінансаванне праекта ажыццяўляецца за кошт пазыкі ў памеры 540 тысяч рублёў, прадастаўленай Сусветным банкам. 75 працэнтаў ад сумы пазыкі будуць вернуты за кошт сродкаў рэспубліканскага, а 25 – абласнога бюджэтаў.
Іван КАВАЛЕНКА