Дрэвы ля крынічкі. У Ляхавічах у Дзень сям’і з’явілася алея сямейных дрэў

Мама, трымай дрэўца, тата, ты лепш падсыпай, а я пакуль дамалюю наш сямейны партрэт! – камандуе чатырохгадовая Кіра. Увага да справы з адзнакай павышанай важнасці. А як па-іншаму, калі цяпер у алеі сямейных дрэў адно будзе іх, імянное, – сям’і Стрэльнікавых.
Але пра ўсё па парадку. Мінулы чацвер у календары пазначаны вельмі цёплым, моцным, надзейным і такім неабходным кожнаму святам – Днём сям’і. І менавіта ў гэтых майскіх каардынатах у нашым райцэнтры з’явілася пакуль яшчэ невялікая, маладзенькая, але з прэтэнзіяй на добрую традыцыю алея сямейных дрэў.

З’яўленне ў Беларусі такіх паркаў – прапанова творчай моладзі, якая прагучала падчас  сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з актывам БРСМ. Ініцыятарам гэтага шчымліва-шчырага марафону ў Ляхавічах стаў райкам БРСМ. На беразе ракі Ведзьма ля крынічкі з’явіліся дзесяць беластволых прыгажунь. Ды якіх! Пасаджаных і падсілкаваных неверагоднай сямейнай энергіяй, дзіцячай радасцю і бацькоўскай надзеяй.
Вер не вер у выпадковасці, але на гэтыя паўгадзіны дажджлівае надвор’е змянілася на ласкавае сонечнае. На добрую справу, жартавалі галоўныя дзеючыя асобы «зялёнай акцыі». Сямейную алею павінны закласці сямейныя людзі. І вось каля маладых бярозак цяпер красуюцца таблічкі, і кожная – маленькі шэдэўр. На ім сімвалы сям’і –
сонца, партрэты дамачадцаў, смайлікі… І, канешне, прозвішчы пачынальнікаў закладкі алеі.
Сярод іх – сем’і Стрэльнікавых, Гатоўчыцаў, Новікаў, Цямчыкаў. Сваё дрэва пасадзіла і бээрэсэмаўская сям’я. Далучыцца да акцыі мог кожны жадаючы, нават выпадковы, калі ён зацікавіўся павышаным хваляваннем каля крынічкі.
Першы сакратар РК БРСМ Марыя Лута-вінава падзялілася, што пасля размяшчэння фотарэпартажу з гэтай падзеі на сайце «ЛВ» у той жа дзень нераўнадушныя землякі тэлефанавалі з просьбай знайсці месца ў алеі і для іх сямейнага дрэва. Знойдзецца абавязкова: у добрай справы межаў не бывае!
Сваю руку да стварэння сямейнай алеі прыклалі супрацоўнікі ТАА «Белпрамтрэйдынг», камунгаса і лясгаса.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ