Сталі ў пракос. У Ляхавіцкім раёне стартавала зялёнае жніво

Механізатар ААТ «Жарабковічы» Дзмітрый Туцін заняты на закладцы сенажу.

Спачатку касілі для дадатковага пайка жывёле – падкормкі. Першымі ў сярэдзіне мая за закладку сенажу ўзяліся жарабковіцкія аграрыі. Шэраг гаспадарак плануе распачаць касавіцу днямі.
Ападкі, магчыма, і перабралі ў плане інтэнсіўнасці, аднак, неабходна прызнаць і іх безумоўную карысць: за апошнія 7-10 дзён сельскагаспадарчыя ўгоддзі заўважна пайшлі ў рост. Гэта справядліва ў дачыненні яравых, асабліва азімых зерневых, шматгадовых траў. На фоне цёплых дзён і начэй вільгаць зрабіла сваю справу.
Як паведамілі ў райсельгасхарчы, першым укосам у раёне запланавана ўбраць 10 400 «зялёных» гектараў. Найбольш у ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы» – па дзве з лішнім тысячы адзінак плошчы, 1600 гектараў вызначыў пад касавіцу райаграсэрвіс.
З завяршэннем першай корманарыхтоўчай кампаніі аграрыі раёна плануюць мець у кармавых запасніках 2,1 тысячы тон сена, больш за 40 000 тон сенажу. Апошні мяркуецца рыхтаваць і так званым траншэйным спосабам, і ў палімернай абгортцы.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА,