Білет у стваральнасць

Раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў даслалі віншаванні з 10-годдзем Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі юнакам і дзяўчатам, якія з’яўляюцца ці былі членамі гэтай масавай грамадскай арганізацыі, а таксама ветэранам маладзёжнага руху, пераемнікамі якіх сталі бээрэсэмаўцы. Усім ім адрасаваны пажаданні актыўнай жыццёвай пазіцыі, поспехаў у вучобе і працы, стваральных спраў, па-добраму дзёрзкіх мар і іх ажыццяўлення, здароўя і бадзёрасці. Моладзь — сённяшні і заўтрашні дзень краіны. І гэтым усё сказана.Імкліва мяняецца тэмп жыцця, з’яўляюцца новыя тэхналогіі, на змену ветэранам прыходзіць моладзь. Прыйшоў час тых, хто нарадзіўся і вырас у незалежнай краіне.
У нашым раёне членамі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» з’яўляюцца 1236 юнакоў і дзяўчат, якія аб’яднаны ў 65 пярвічных арганізацый.
У 90-ыя гады, калі маладзёжны рух прыйшоў у заняпад, з’явілася ініцыятыва, якая зыходзіла ад юнакоў і дзяўчат. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ўспрыняў лепшыя традыцыі савецкага камсамола. Несумненна, змянілася шмат, толькі засталося пастаянным імкненне маладых праявіць сябе, знайсці сяброў, аднадумцаў і разам зрабіць нашу родную зямлю прыгажэйшай.
За час станаўлення арганізацыя заняла важнае месца ў маладзёжным асяроддзі і працягвае заваёўваць аўтарытэт сваімі добрымі справамі. Патрыятычнае выхаванне, здаровы лад жыцця, працоўная занятасць — асноўныя накірункі нашай дзейнасці. Брэндавымі акцыямі БРСМ сталі «Служым Беларусі!», «Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь», «За Беларусь!», «Маладосць. Традыцыі. Будучыня». Папулярныя сярод моладзі спартыўныя спаборніцтвы і спартакіяды, тэматычныя дыскатэкі і вечары, конкурсы прафесіянальнага і творчага майстэрства.
Адна з галоўных задач Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі — знайсці лепшых і самых актыўных маладых людзей, вылучыць, падтрымаць іх. Даць грамадству і краіне не толькі ідэі, а і тых, хто здольны іх увасабляць у жыццё. Мэтанакіраванасць і настойлівасць, сумленнасць і прыстойнасць, патрабавальнасць і самааддача — гэта, канешне, неад’емныя якасці лідара пярвічнай арганізацыі: Ксенія Вашчылка, сакратар пярвічнай арганізацыі ЛДАКа, Ганна Тупік — райветстанцыі, Дзмітрый Лапцеў — ЦБП АСБ «Беларусбанк», Андрэй Чаранкевіч — РАУС, Юлія Дабравольская — РСУП «Нача», Наталля Мацюшка — СВК «Шлях новы», Вольга Леснік — СВК «Тальмінавічы», Ганна Барташэвіч — УТП «Ляхавіцкае», Яўгеній Собаль — абласной бальніцы «Крывошын».
Поспех любога, самага грандыёзнага пачынання ставіцца ў прамую залежнасць ад укладу кожнага. Нягледзячы на маладосць нашых сяброў, пра іх поспехі і дасягненні ведае ўся рэспубліка. Экіпаж з СВК «Ляхавіцкі» ў складзе Аляксандра Юніка і Сяргея Казакевіча — маладзёжныя лідары на ўборцы ўраджаю 2007, узнагароджаны нагрудным знакам ЦК БРСМ «За поспехі ў працы». Вадзіцель ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» Юрый Сяргей — пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў 2008 года, таксама быў узнагароджаны нагрудным знакам ЦК «За поспехі ў працы». Сёння Юрый — у ліку лідараў спаборніцтваў сярод маладых вадзіцеляў на ўборцы зерневых. У складзе раённай дэлегацыі на абласным свяце «Дажынкі» ў г. Камянец прымае ўдзел Аляксандр Шастак (РСУП «Нача»).
Штогод плённа працуюць байцы будатрадаў агракаледжа: пераможцамі рэспубліканскага конкурсу БРСМ у намінацыі «Лепшы баец будаўнічага атрада» станавіліся Кацярына Трус, Аксана Івашкіна, у намінацыі «Лепшы камандзір будаўнічага атрада» — Юлія Гуніч. Па выніках працоўнага семестра-2011 года Ляхавіцкі штаб працоўных спраў адзначаны падзякай Брэсцкага абкама БРСМ.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка вызначыў ролю маладзёжнай арганізацыі як адной з асноў моцнай беларускай дзяржавы разам з мясцовымі Саветамі і прафсаюзамі. Мы стараемся адпавядаць гэтаму высокаму прызначэнню. Аўтарытыт БРСМ пацвярджае выбранне актывістаў БРСМ дэпутатамі мясцовых Саветаў 26 склікання (Алег Траццяк і Сяргей Юшкевіч).
Моладзь саюза прымае актыўны ўдзел у выбарчых кампаніях краіны. Члены арганізацыі працуюць у складзе выбарчых камісій, у якасці назіральнікаў на выбарчых участках. 23 верасня — выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. У склад участковых выбарчых камісій уключана 39 членаў БРСМ.
Дзяржава і мясцовая ўлада давяраюць моладзі, і наша задача — апраўдаць давер.
Няма нічога лепшага за маладосць. Перад намі бязмежнае поле дзейнасці. Давайце не будзем адкладваць вялікія справы і ідэі на заўтра. Давайце ствараць!
Самыя сардэчныя віншаванні і пажаданні здароўя, аптымізму, невычарпальнай энергіі, бадзёрасці духу ўсім юнакам і дзяўчатам, членам нашай арганізацыі, ветэранам маладзёжнага руху!
Ларыса ЮШКЕВІЧ,
першы сакратар РК БРСМ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *