Дзе кадры, там кармы

Меры, што прымаюцца сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна па стварэнні трывалай кармавой базы для грамадскай жывёлагадоўлі, нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці малака і павышэнні яго якасці, абмяркоўваліся на майскім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі адзначыў надзённасць і праблемнасць пытання. Надзённасць у тым, што іменна гэтымі днямі аграрыі ў першаўкосных клопатах. Пра праблемнасць гаворыць той факт, што сёлета ў асобных гаспадарках кармавыя запасы закончыліся раней перыяду стойлавага ўтрымання жывёлы. Прагучала, што зялёнае жніво вядзецца не ўсюды аднолькава добра. А на наступны стойлавы перыяд неабходна ўвайсці з запасамі якасных кармоў, дастатковым для паўтарагадовага ўтрымання сваіх статкаў. Без гэтага падмурка немагчыма палепшыць вытворча-эканамічны расклад раённай жывёлагадоўлі.

Пакуль жа, як адзначыла намеснік начальніка райсельгасхарчу Таццяна Кацуба, па ўдоях малака Ляхавіччына адстае. «Падняцца» трэба і можна, калі захоўваць тэхналогіі, у тым ліку корманарыхтоўчыя. Неабходна выконваць новыя патрабаванні да якасці кармоў. 

Дакладна рэгламентуюцца тэрміны касьбы і ўборкі траў. Варыянт завяршэння першаўкосных работ за 10-15 дзён з’яўляецца найлепшым: кожны дзень неабходна касіць не менш за 6,5 працэнта  вызначаных пад уборку зялёных плошчаў.  Пакуль жа падобныя тэмпы аграрыі раёна не дэманстравалі, у сярэднім па АПК за дзень выкошвалася каля трох працэнтаў угоддзяў. 

На адно з першых па значнасці месцаў выходзіць забяспечанасць арганізацый кормаўборачнай тэхнікай. Патрабуецца ўсю наяўную тэхніку «паставіць на колы» і ўключыць у работу. Але некаторыя з корманарыхтоўчых машын, агрэгатаў, механізмаў дагэтуль у рамонце.

Важнейшы момант – колькасць кормасховішчаў і іх адпаведнасць патрабаванням стандарту. Ніякіх сянажных курганоў – толькі траншэйная класіка ці ўпакоўка ў палімерную плёнку. Улік колькасці і кантроль за якасцю нарыхтовак павінен праводзіцца на працягу ці не ўсяго кормавытворчага цыкла. Іншая справа, што не ва ўсіх сельгасарганізацыях ёсць неабходнае абсталяванне.

Але самае важнае і галоўнае – людзі, кадравае забеспячэнне сельскагаспадарчай кампаніі. Дакладчык канстатавала: на этапе нарыхтоўкі кармоў у сельгасарганізацыях раёна ёсць вакансіі для трох дзясяткаў механізатараў. Толькі ДП «Нача» не патрабуецца даўкамплектаванне на перыяд касавіцы механізатарскімі кадрамі.

«Нача», ААТ «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор» з’яўляюцца найбольш паспяховымі ў раёне па жывёлагадоўчай вытворчасці. Нягледзячы на няпростую сітуацыю, цяжкасці моманту, старшыня райвыканкама назваў ААТ»Шлях новы» перспектыўным прадпрыемствам раёна. Што тычыцца «Ліпнянкі», у такім фармаце яе ўжо фактычна не існуе. На пасяджэнні было прынята рашэнне аб рэарганізацыі КСУП шляхам далучэння да «Вострава-Агра». Гэта пытанне таксама стаяла на парадку дня пасяджэння райвыканкама.

Іван КАВАЛЕНКА