Ваенны след

У музейнай экспазіцыі Ляхавіцк ага дзяржаўнага аграрнага каледжа падзеі Вялікай Айчыннай вайны – цэнтральная тэма. Фотаздымкі, архіўныя дакументы і іх копіі, асабістыя рэчы чырвонаармейцаў і звесткі пра іх, прадметы франтавога быту, фрагменты ваеннай зброі і г.д.– усё гэта гісторыя, якая вучыць даказвае: мір – умова жыцця і шчасця, а патрыятызм – зусім не абстрактнае пачуццё.

Экспазіцыя – як падарожжа ў часе ад першага ваеннага дня ў чэрвені 1941 года да пераможнага 9 мая 1945 -га. Тут сабраны і захоўваецца архіў асабістых спраў (з пісьмамі і ўспамінамі, іншымі дакументамі) удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія мужна змагаліся з ворагам на тэрыторыі нашага раёна.

– 55-я стралковая дывізія імя Варашылава атрымала загад фарсіраваным маршам выйсці ў раён Бярозы і заняць абарону. Дайшлі да вёскі Завінне Ляхавіцкага раёна, і ў Бярозках разведка сутыкнулася з фашыстамі. Занялі абарону на завінскай горцы. У тым баі паляглі больш за 200 савецкіх воінаў, – расказвае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах гісторыка-краязнаўчай накіраванасці ЛДАКа Тамара Сакалова чарговым экскурсантам.

Сярод іх не толькі навучэнцы каледжа, але і школьнікі, дэлегацыі з іншых рэгіёнаў, проста нераўнадушныя да гісторыі людзі.

Не можа не закрануць расказ пра тое, як разведчык Пахомаў у далёкім 1941 годзе цаною ўласнага жыцця падпаліў мост  праз Шчару, каб не прайшоў вораг. Падбіта 10 нямецкіх танкаў, знішчаны сотні фашыстаў. Нашы салдаты адышлі на вышыню Русінавічы-Тальмінавічы. Бой быў цяжкі, але яны затрымалі фашыстаў на два дні.

Рух чырвонаармейцаў абазначаны намаляванай схемай, якая наглядна падмацоўвае расказ экскурсавода. Баявому шляху 55-й стралковай дывізіі імя Варашылава, якая змагалася з фашыстамі не
толькі на Ляхавіччыне, прысвечаны асобны раздзел экспазіцыі.

Факт
Ля вытокаў стварэння музея на той час Ляхавіцкага саўгаса-
тэхнікума стаў выхавальнік установы Мікалай Куліцкі. Спра-
вай жыцця лічыў збор і захаванне гістарычнай памяці ветэ-
ран Вялікай Айчыннай вайны Анатолій Маслоўскі. Актыўна
займаліся папаўненнем музейнай экспазіцыі Мяфодзій Пабя-
гайла, Ніна Кіслая, Віктар Тарасевіч. Зараз пошукавай работай
у каледжы кіруе Тамара Сакалова.

Ваенная біяграфія фарміравання спынілася 17 верасня 1941 года, па звестках, якія маюцца ў ЛДАКу, у баях за горад Шчорс Чарнігаўскай вобласці дывізія была разбіта.

Увагу прыцягвае карта «Развіццё партызанскага руху ў Ляхавіцкім раёне ў 1941- 1944 гг.», дзе ўмоўнымі значкамі абазначана дыслакацыя партызанскай брыгады імя Грызадубавай, атрадаў
«Сокалы», Шчорса, Чорнага, Цыганкова…

І пазначэнні: «партызанскі аэрадром 1943-1944», «партызанскі атрад Капусты Ф.Ф. разграміў гарнізоны немцаў у Мядзведзічах, Крывошыне, Востраве»…

На фота чалавек — легенда – камандзір спецатрада «Сокалы» Кірыл Арлоўскі. У кастрычніку 1942 года яго група дэсантавалася на парашутах у Машукоўскім лесе, дзе пазней быў створаны буйны
артызанскі атрад. 17 лютага ён прыняў бой, у якім Кірыл Арлоўскі атрымаў цяжкае раненне. У вёсцы Залужжа яму зрабілі складаную аперацыю, і герой працягваў кіраваць атрадам, нават пазбавіўшыся
рукі…

На фотаздымку — камандзір спецатрада «Сокалы» Кірыл Арлоўскі.

Была створана партызанская брыгада імя Молатава №19 у складзе атрадаў імя Лазо, Кутузава, Жукава. Камандзірам брыгады быў Луцэнка, камісарам брыгады і сакратаром Ляхавіцкага падпольнага райкама партыі – Сцяпан Дзесюкевіч, начальнікам штаба Аляксандр Астапаў. У музейнай экспазіцыі – асабістыя рэчы партызан і чырвонаармейцаў.

Тут жа, у атрадзе імя Лазо, быў арганізаваны выпуск падпольнай газеты-партызанкі «Совецкі патрыёт» – органа Ляхавіцкага падпольнага РК КП(б)Б.

Экскурсія працягваецца. На апаленых дошках – шыльды з назвамі вёсак, колькасцю двароў і жыхароў у іх да вайны, а побач жудасныя лічбы: колькі знішчана, спалена, забіта… Вёскі – сёстры Хатыні: Свяціца, Залужжа, пацярпелі ў агні таксама Хацяж, Станчыкі, Рагачы, Марынова, Тухавічы, Завінне, Лабузы…

Вызваленне нашага раёна пачалося 3 ліпеня 1944 года. Менавіта ў гэты дзень Тальмінавічы віталі байцоў 19-й механізаванай брыгады пад камандаваннем генерал-маёра Яршова. Камбат Шата Гагарышвілі вызначыўся пры вызваленні вёскі: пад яго камандаваннем чырвонаармейцы разграмілі штаб праціўніка і захапілі ў палон 56 варожых салдатаў. Сёння адна з тальмінавіцкіх вуліц названа яго імем.

Узнагародны ліст паведамляе падрабязнасці: «Камандзір мотастралковага батальёна маёр Гагарышвілі Ш.Н. з верасня 1941 года па жнівень 1944 актыўна прымаў удзел у баях з нямецкімі захопнікамі… Пры вызваленні г. Брэст у 1944 годзе быў забіты»…
Партрэт героя, намаляваны мясцовымі мастакамі, займае дастойнае месца ў экспазіцыі. І гэта толькі частачка таго, пра што трэба ведаць і расказваць. Каб цаніць мір, каб разумець сэнс слова «патрыёт».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.