Такія старасты нам патрэбны. Па выніках мінулага года Мікалай Піліневіч з Вялікай Лотвы прызнаны адным з лепшых старастаў Ляхавіцкага раёна

Па выніках мінулага года Мікалай Піліневіч з Вялікай Лотвы прызнаны адным з лепшых старастаў раёна. Стаж Мікалая Пятровіча на гэтай грамадскай рабоце няпоўныя тры гады. Але і за гэты кароткі час зроблена нямала.

Вялікая Лотва – вёска немалая, тут 245 домаўладанняў і 670 жыхароў. Стараста ініцыяваў і арганізаваў землякоў, якія талакой навялі парадак на вясковых могілках: ачысцілі ад смецця тэрыторыю, пафарбавалі агароджу. Летась у вёску прыйшоў прыродны газ – работы часткова фінансаваліся з бюджэту, а часткова – спажыўцамі. Спраўдзілася яшчэ адна даўняя мара – заасфальтавана галоўная вуліца. У больш зручныя для людзей месцы перанесены аўтобусныя прыпынкі гарадскога і прыгараднага транспарту.
– Разам любая справа ладзіцца. Добраўпарадкаваць месцы, дзе нядаўна стаялі знесеныя хаты, абкошваць тэрыторыі – адзін чалавек з такім вялікім аб’ёмам работ не справіцца. А разам – проста, – гаворыць вялікалотаўскі стараста.
Мікалай Пятровіч з задавальненнем называе сваіх самых галоўных памочнікаў: па вуліцы Палявой – Тамара Курловіч, Маладзёжнай –Таццяна Богдан, Цэнтральнай – Аляксандр Махляр, Вера Русіна, Людміла Шпак. А Дзяніс Строк і ўвогуле майстар на ўсе рукі: трэба камусьці з пажылых падкасіць, парэзаць-пакалоць дровы – ніколі не адмовіць.
Тутэйшы стараста – чалавек абавязковы, дбайны гаспадар, гэтага ж патрабуе і ад сваіх землякоў. Убачыў у кагосьці ў двары ці на вуліцы каля дома буяе пустазелле, тут жа робіць заўвагу. Людзі яго паважаюць, да парад прыслухоўваюцца, сітуацыю выпраўляюць. Стараста цесна ўзаемадзейнічае з дэпутатамі райсавета і Навасёлкаўскага сельскага Савета дэпутатаў, першы памочнік сельвыканкама.
Наогул, у Мікалая Піліневіча шмат інтарэсаў. Сабрана цікавая фотатэка пра гісторыю Вялікай Лотвы. Плануюць арганізаваць вясковае свята прафесій і пачаць з медыкаў, а яшчэ ў перспектыве – злёт мясцовых ветэранаў.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.