Пешеход погиб. Водитель скрылся

У апошнюю ноч верасня прыкладна ў 2 гадзіны 20 хвілін неўстаноўлены вадзіцель на невядомым аўтамабілі недалёка ад вёскі Востраў на 6-м кіламетры аўтадарогі ”Мяжа РФ-Крычаў-Бабруйск-Івацэвічы” збіў 21-гадовага жыхара вёскі Тухавічы і ўцёк з месца ДТЗ. У выніку аварыі пешаход быў смяротна траўмаваны. Хто збіў чалавека, пакуль не ўстаноўлена. Просьба да ўсіх, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй аб здарэнні, звярнуцца ў міліцыю па тэлефонах: 2-17-48, 2-11-87 ці 102. Ананімнасць гарантавана.
Апошнім часам уцёк вадзіцеля-віноўніка дарожных аварый — выпадак не адзінкавы. Наш раён у чарадзе дарожна-транспартных здарэнняў з трагічным фіналам, у якіх вінаваты вадзіцель знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення ці знік з месца аварыі, не выключэнне. Апошняе ДТЗ — таму пацвярджэнне.
Дапамога сведкаў і актыўныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы далі свой вынік пры расследаванні ДТЗ, якое адбылося напрыканцы мінулага года. Вечарам 31 снежня на 5-м кіламетры аўтадарогі Рачканы-Пашкоўцы неўстаноўлены аўтатранспартны сродак наехаў на пешахода, які атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні і памёр на месцы здарэння. Вадзіцель тады з месца ДТЗ уцёк. Яго асоба была ўстаноўлена пазней — малады жыхар Ляхавіцкага раёна.
Сёлета 15 верасня амаль апоўначы п’яны жыхар вёскі Зарытава на ўласным аўтамабілі на аўтадарозе Жарабковічы-Зарытава абганяў машыну, выехаў на паласу сустрэчнага руху і наехаў на непаўналетняга юнака, які загінуў на месцы здарэння.
Віноўныя будуць адказваць па законе. Аднак і пешаходам неабходна быць больш уважлівымі на дарогах, выконваць правілы дарожнага руху і не забываць пра святлоадбівальныя элементы, якія робяць чалавека бачным у цёмны час сутак. Вадзіцель павінен паважаць пешахода, а пешаход — вадзіцеля. Ва ўсіх удзельнікаў дарожнага руху — ролі галоўныя. Як адзначыў старшы следчы ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Аляксандр Рудзінскі, за 9 месяцаў гэтага года на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 152 ДТЗ з удзелам пешаходаў, 23 чалавекі загінулі, 137 — паранены, 12 аварый – на сумленні п’яных вадзіцеляў. У 72 дарожных здарэннях вінаваты самі пешаходы, пры гэтым 14 з іх загінулі, 60 — паранены, 30 — былі нецвярозымі.
Віталій ЛАБАНАЎ,
начальнік раённага аддзела
следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *