Не ўпершыню першы. Лік тысячам адкрыў Аляксандр Азарчык з «БелДана» /абноўлена/

Аляксандр АЗАРЧЫК

Не заўважыць гэты эпізод уборачнай немагчыма з-за яго знакавасці: ёсць першы тысячнік жніва! Аляксандр Азарчык з «БелДана»  гэты рубеж перасягнуў у мінулую сераду – на сваім «Кейс Пума» роўна столькі зерня перавёз з поля на сушыльны комплекс. Ушанаваць перадавіка прыехалі намеснік начальніка па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Кацуба, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ніна Прыхач, старшыня раённай арганізацыі галіновага прафсаюза Ірына Чура. Падарункі, вымпел, віншаванні – некалькі ўрачыстых хвілін, безумоўна, парадавалі героя дня, які сёлета паўтарыў асабісты поспех жніва-2016 і 2017. А потым над белданаўскім ячменным полем загучаў голас ляхавіцкай песеннай «Крыніцы».
– Дзякуй за такую ўвагу! – Аляксандр Азарчык хуценька падняўся ў кабіну і адправіўся ў чарговы рэйс.
Па стане на раніцу 26 ліпеня ЗТАА «БелДан» убраў збожжавыя на 47 працэнтах плошчаў.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.