Гімн Брэстчыне і гораду над Бугам! Тэма міленіума мовай фотаальбома

Тысячагадовы Брэст. Старажытны і сучасны, легендарны і гераічны, горад слаўных традыцый і працоўных дасягненняў. Значнасць гэтай даты напаўняе сэрцы землякоў дзіўнымі імгненнямі дачынення да ўнікальнай падзеі, якой з’яўляецца міленіум любімага горада.

У жніўні 2016 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Распараджэнне «Аб падрыхтоўцы да святкавання 1000-годдзя г. Брэста». Колькасць аб’ектаў і мерапрыемстваў, фінансаванне якіх забяспечыў дзяржбюджэт, перавысіла тры дзясяткі. Далей павелічэнне сродкаў карэкціравалася і за кошт абласнога і гарадскога бюджэтаў. Сёння відавочна, як горад яшчэ больш набывае еўрапейскі і сусветны выгляд, пашырае і ўмацоўвае сваю прывабнасць.

Тэма міленіума горада над Бугам стала адной з самых актуальных на старонках газет, у тэлерадыё-перадачах. 1000-гадовай даце прысвячаюцца песні, кінасюжэты і, канешне, кнігі, адна з якіх – выдадзены рэдакцыяй «Вечернего Бреста» падарачны фотаальбом «БРЕСТ. Мгновения спрессованы в столетия». У ім сабраны значныя факты 10-векавай гісторыі горада, прадстаўлены знакавыя асобы і героі, якія праславіліся не толькі ў Беларусі. Кніга выдадзена на сучасным мастацкім узроўні, чытаецца з цікавасцю, уражваюць фотаздымкі і архіўныя сведчанні. Данае выданне валодае прыцягальным сувенірным патэнцыялам і, несумненна, абагаціць дамашнюю бібліятэку.

Брэст багаты ўнікальнымі славутасцямі. Чаго толькі вартыя «Ліхтары горада над Бугам»?! У 90-старонкавым выданні гаворка ідзе пра алею ліхтароў з экспанатамі на вуліцы Гогаля і квартале газавых ліхтароў на Савецкай. Яны заварожваюць сваёй арыгінальнасцю.

І яшчэ адзін кніжны адрас напярэдадні юбілею – 80-годдзя стварэння Брэсцкай вобласці – «100 славутасцяў Брэстчыны». У цудоўна аформленым выданні адлюстраваны Брэст, Баранавічы, Пінск, а таксама ўсе 16 раёнаў, якія заўсёды рады гасцям.

1000-гадовы Брэст і юбілейная Брэстчына прапануюць адрасы для новых уражанняў, натхнення і добрага настрою.

Георгій ТАМАШЭВІЧ.