Флер’яноўскія дубкі адправіліся ў падарожжа

Памятаеце, «ЛВ» пісаў пра багаты сёлетні дубковы «ўраджай» ажэшкінскага дрэва ў былым маёнтку Бохвіцаў у Флер’янове? Яго сённяшнія гаспадары – сям’я Траццяк – тады марылі, што хутка дзеткі самай «творчай» на Ляхавіччыне расліны разляцяцца па Беларусі напамінам пра гэты адрас. Мары здзейсніліся.
Генрых Траццяк гартае фотаздымкі на смартфоне і расказвае, як на пачатку ліпеня да іх прыехала група турыстаў-студэнтаў архітэктурнага факультэта БНТУ. Захопленыя гісторыяй ХІХ стагоддзя, падзеямі, людзьмі, якія тут некалі жылі і гасцявалі, юнакі і дзяўчаты даследавалі-вывучалі архітэктуру маёнтка ў Флер’янове.
Рамансы ў выкананні Ларысы Траццяк, экскурсія па пакоях, эксклюзіўныя экспанаты, дуброва, ініцыятарам стварэння якой, дарэчы, была рэдакцыя раёнкі, – усё гэта, як адзначаюць самі студэнты, сапраўдная машына часу.
У кнізе пажаданняў маладыя даследчыкі пакінулі водгук: «Дзякуй за магчымасць акунуцца ў атмасферу ХІХ стагоддзя» і, канешне, словы падзякі за тое, што гэтыя душэўныя людзі збераглі флер’яноўскі помнік архітэктуры і сёння апантана працуюць на яго турыстычную прыцягальнасць.
Яны не хавалі радасці, калі ў якасці сувеніраў Ларыса Паўлаўна і Генрых Міхайлавіч прапанавалі ўзяць з сабой саджанцы ад таго самага ажэшкінскага дуба. Студэнты паабяцалі, што і ў сталіцы, і на іх малых радзімах разрастуцца дубровы. А юнакі і дзяўчаты абавязкова прыедуць сюды яшчэ. І ў наступны раз плануюць пашыраць свой маршрутны ліст.
Маргарыта КУХТА.
Фота з архіва сям’і Траццяк.