Факт- экспрэс навіны Ляхавіччыны

· Аздараўленне. Як расказала галоўны спецыяліст па аздараўленні Ніна Плескацэвіч, на 2012 год у здраўніцы атрымана 21 пуцёўка для працуючых жыхароў горада і раёна, за 3 першых квартала скарыстана 15. 44 пенсіянеры на працягу года змогуць паправіць здароўе і адпачыць ў беларускіх санаторыях. Рэалізавана таксама 42 пуцёўкі для аздараўлення дзяцей, 3 — для дзяцей-інвалідаў.
· РАНС паведамляе. 7 верасня ў 4 гадзіны 15 хвілін у раённы ад-дзел па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб узгаранні памяшкання для захоўвання насення ў СВК «Дарава». Па словах дзяржаўнага інспектара па пажарным наглядзе Сяргея Гатоўчыца, на момант прыбыцця падраздзяленяў МНС сховішча было поўнасцю ахоплена агнём. Прычыны пажару высвятляюцца. Адным з фактараў распаўсюджвання агню стала непадрыхтаванасць вартаўніцкай аховы аб’екта да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях.
· «Агні начнога горада«. Пад такой назвай з 8 па 15 кастрычніка на тэрыторыі раёна праходзіць прафілактычная акцыя. Як паведаміў старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Дзмітрый Дыдышка, падчас акцыі супрацоўнікі міліцыі разам з педагогамі праводзяць лекцыі, размовы, віктарыны з падлеткамі па папярэджанні супрацьпраўных дзеянняў, прафілактыцы шкодных звычак, фарміраванні здаровага ладу жыцця. Таксама правяраецца работа спартыўных секцый, гурткоў і клубаў па інтарэсах па месцы жыхарства. Праводзіцца маніторынг аб’ектаў гандлю з мэтай недапушчэння рэалізацыі алкагольных напіткаў падлеткам.
· Выстава кніг. З 8 па 13 кастрычніка ў цэнтральнай раённай бібліятэцы праходзіць выстава кніг «Зазірніце ў матуліны вочы», а ў школьных бібліятэках разгорнута экспазіцыя «Вобраз маці вечны».
· Экскурсіі і падарожжы. У мінулую суботу настаўнікі гімназіі адправіліся ў чарговае падарожжа па гістарычных мясцінах Беларусі. На гэты раз яны наведалі Лідскі замак, дзе сталі сведкамі тэатралізаванага прадстаўлення «Вяселле Ягайлы». Дарэчы, такія вандроўкі напярэдадні Дня настаўніка для педагогаў гімназіі традыцыйныя. Раней яны пабывалі ў Брэсцкай крэпасці і Нясвіжы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *