Вечар з праваахоўным ухілам.У мінулую пятніцу рэдакцыйнае заданне прывяло карэспандэнта «ЛВ» ў аператыўна-дзяжурную часць Ляхавіцкага РАУС

Адна справа сачыць за работай міліцыі па старонках кніг ці на экранах тэлевізараў у шматлікіх серыялах. І зусім іншая, калі на свае вочы даводзіцца бачыць што-дзённую руплівую работу, у аснове якой – абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян. У мінулую пятніцу рэдакцыйнае заданне прывяло ў аператыўна-дзяжурную часць Ляхавіцкага РАУС.

На дзяжурства – у «дзяжурку»

Карэспандэнт «ЛВ» на «вахту» заступіў прыкладна ў 19 гадзін. А дзяжурны Яўгеній Ражко і яго памочнік Віталій Малевіч паспелі ўжо адпрацаваць 10 гадзін з належных 24-х.

– За суткі звычайна паступае ад 20 да 35 званкоў з паведамленнямі пра супрацьзаконныя дзеянні. Бываюць просьбы аб дапамозе: паехаў у суседнюю вёску і не вярнуўся муж, абразіла суседка… Хапае і так званых «штатных» скаржнікаў, якія незадаволены ўсім і ўсімі. У ізалятар часовага ўтрымання ў сярэднім за такі прамежак часу дастаўляем ад трох да сямі грамадзян, якія парушылі закон, – расказвае пра спецыфіку службы Яўгеній Ражко.

– Напрыклад, сёння групы рэагавання выязджалі на крадзяжы, следчы эксперымент, пошукавыя работы – было дзесяць выклікаў, а наперадзе цэлая ноч, – дапаўняе напарніка Віталій Малевіч.
Забягаючы наперад, адзначу: за гэтыя дзяжурныя суткі тут зарэгістравана 25 званкоў, у ІЧУ дастаўлены чацвёра жыхароў раёна. Прычыны – сямейныя скандалы, крадзяжы (у тым ліку веласіпеда і выкапанай з сотак бульбы), абразы (пацыентка абразіла ўрача ў райбальніца) і інш.

А ляхавічанка звярнулася ў РАУС з-за таго, што яе 15-гадовую дачку абвінавачваюць у крадзяжы грошай. Дзяжурная група ў складзе оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку Дзмітрыя Прыхача, участковага інспектара Івана Карповіча, участковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксея Паляшчука адправілася па адрасе месца здарэння – у вёску Крывошын, дзе дзяўчынка гасцявала на канікулах.

Пра сямейныя скандалы

Пакуль ехалі ў вёску, гаварылі пра тэму, якая надзвычай хвалюе і міліцыю, і СМІ, і грамадства – пра сямейнае насілле. Вопытны ўчастковы Іван Карповіч, замацаваны за Ганчароўскім сельсаветам, нясе службу 18 гадоў,.Ён расказвае:

– У асноўным правапарушэнні і злачынствы ў сферы сямейна-бытавых адносін здараюцца, калі злачынца ці ахвяра, а то і абодва знаходзяцца пад уздзеяннем алкаголю. Прычым, пацярпелыя часта ўтойваюць, што над імі здзекуецца родны ці блізкі чалавек. Вось нядаўні выпадак. У бальніцу з цяжкімі траўмамі даставілі 50-гадовага мужчыну. Пасля доўгіх размоў, ён, у рэшце рэшт, прызнаўся: так яго «аддзякаваў» 28-гадовы сын.

Злоўжыванне алкаголем – прычына многіх бед. Гэта шкодная звычка разбурае лёсы цэлых сем’яў, правакуе на страшныя і жудасныя ўчынкі. Інакш як дзікунствам не назавеш здзекі двух дарослых сыноў над старэнькай маці.

…Жыла-была ў адной з вёсак раё-на дружная сям’я: бацькі-педагогі, сыны атрымалі вышэйшую адукацыю. Адзін – кадравы ваенны, другі таксама меў добрую работу. Потым нешта зламалася… Сыны вярнуліся дамоў, нідзе не працавалі, жылі на пенсію маці, білі яе, здзекаваліся. Яна доўга цярпела. Потым не вытрымала, звярнулася за дапамогай да ўчастковага. Адзін сын цяпер асуджаны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, другі пакуль дома, але гэта пакуль.

І такі прыклад неадзінкавы. Толькі за першыя дні жніўня ў РАУС дастаўлены шасцёра сямейных скандалістаў. У аднаго з іх, ляхавічаніна 1990 года нараджэння, трое непаўналетніх дзяцей, малодшаму два гады, старэй- шаму – чатыры.

Па словах Івана Карповіча, ёсць выпадкі і з хэпі-эндам. Неаднойчы яму даводзілася выязджаць па адным і тым жа адрасе і супакойваць п’янага дэбашыра. У рэшце рэшт, яго адправілі ў ЛПП. Вось ужо пяць гадоў той не сябруе з алкаголем. Такіх прыкладаў, канешне, хацелася б больш.

Дзмітрый Прыхач акцэнтуе ўвагу на тым, што нярэчаста жонка тэлефануе ў міліцыю і скардзіцца на мужа-скандаліста, а потым у судзе адмаўляецца ад сваіх слоў. Опер-упаўнаважаны крымінальнага вышуку адзначае: калі такое паўтараецца, то вінаваты будзе прыцягнуты да адказнасці, нягледзячы на паказанні жонкі.

Па гарачых слядах

Тым часам прыехалі ў Крывошын. Пасля размовы з дзяўчынай-падлеткам (абавязкова ў прысутнасці маці) трымаем шлях да патэнцыяльнага пацярпелага, які, дарэчы, заяву аб крадзяжы грошай не пісаў. Потым усіх удзельнікаў гэтай гісторыі дастаўляюць у РАУС. Высветлілася, крадзяжа не было.

Аляксей Паляшчук паведаміў, што на ўлік у ІСН пастаўлены 32 падлеткі, у асноўным за ўжыванне спіртнога, знаходжанне ў грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых пасля 23 гадзін, крадзяжы. У гэтым годзе на рахунку непаўналетніх два злачынствы: крадзёж інструментаў і кра-дзёж у сферы высокіх тэхналогій, калі школьнік чужой банкаўскай карткай разлічваўся за камп’ютарныя гульні.

Выклік за выклікам

А ў дзяжурцы чарговы сігнал SOS. Патэлефанавала ляхавічанка, якая прасіла паратунку ад мужа-дэбашыра. Старшы оперупаўнаважаны Арцём Сідарэнка і выконваючы аба-вязкі ўчастковага інспектара Эдуард Чаранкевіч спяшаюцца на вуліцу Камсамольскую. Чарговага сямейнага скандаліста дастаўляюць у райаддзел. Алкатэстар паказвае, што чалавек нецвярозы. Сцвярджае, што бойку ўчыніў упершыню, бо «жонка зрабіла такое, чаго нельга дараваць». Яшчэ адзін факт сямейнага насілля зарэгістраваны.

…Шукалі выратавальнікі, шукала міліцыя, нават далучыліся работнікі раёна электрасетак, дзяжурылі медыкі… Такая аперацыя разгарнулася пасля паведамлення ў 20 гадзін у міліцыю аб прапажы пенсіянеркі з вёскі Мядзведзічы, якая пайшла ў лес па грыбы-ягады. Праз гадзіну вяскоўка сама выйшла з лесу.

Для карэспандэнта «ЛВ» дзяжурства ў міліцыі закончылася каля 22 гадзін. Гэтага часу хапіла і на ўражанні, і на пэўныя высновы. Першая – да чаго ж нялёгкая, але адначасова патрэбная і важная, праваахоўная служба. Другая датычыцца нас, грамадзян: каб не стаць парушальнікам ці злачынцам, трэба жыць па законе.

Галіна КАНЬКО.