Рапсавы алей – для эканомікі ялей. Цэх па перапрацоўцы насення рапсу ў ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна працуе кругласутачна

Аператар прэсавай устаноўкі  па перапрацоўцы насення рапсу Уладзімір Папко.

Зноў знаёмы адрас, па якім побач з традыцыйнай вытворчасцю развіваецца эксклюзіўная. У гэтым плане ў нашым раёне вызначаецца ААТ «Жарабковічы». Здаўна славіцца сельгаспрадпрыемства авечкагадоўляй. Цяпер вось тут зманціраваны, пратэсціраваны і функцыянуе ў штатным рэжыме цэх па перапрацоўцы насення рапсу. Адным словам, вырабляюць рапсавы алей, а «бонусам» застаецца спажыўная макуха для жывёлагадоўлі.

Намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Леанід Варвашэвіч расказаў, што «заводзік» ужо выпусціў 421 тону алею, які адразу знайшоў сваіх спажыўцоў. 765 тон макухі таксама разышліся па прызначэнні: што пайшло на корм статка гаспадаркі, што для гэтых жа мэт раскупілі сельгаспрадпрыемствы раёна. Шаснаццаці-дваццаціпрацэнтная рэнтабельнасць алейнай вытворчасці дазваляе гаварыць пра перспектыўнасць цэха. Леанід Варвашэвіч заўважыў, што, магчыма і верагодней усяго, набудуць і ўстановяць яшчэ адзін прэс для перапрацоўкі рапсавага насення.

Аператар прэсавай устаноўкі па перапрацоўцы насення рапсу Віктар Новік.

Сёлетні ўраджай гэтай культуры ў гаспадарцы дазволіў «Жарабковічам» назапасіць 2263 тоны насення, яшчэ 200 тон закупілі ў іншых сельгаспрадпрыемствах. Абслугоўваюць вытворчасць чатыры аператары прэсавай устаноўкі: Аляксандр Бецька, Віктар Новік, Уладзімір Папко, Андрэй Свінабурка, падменным працуе Юрый Грыцкевіч. Алей атрымліваецца добрай якасці і працуе на эканоміку сельгаспрадпрыемства.

Аператар прэсавай устаноўкі па перапрацоўцы насення рапсу Юрый Грыцкевіч.

А на палях раёна ідзе сяўба азімага рапсу. ААТ «Жарабковічы» – не выключэнне. З улікам сваёй эксклюзіўна-вытворчай спецыфікі, таварыства павялічыла плошчы пад гэту культуру на 400 гектараў, і азіма-рапсавы клін гаспадаркі падрос да 950 гектараў. Адказнейшую кампанію тут плануюць завяршыць да 25 жніўня. Такі вось тэхналагічны падыход.

Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.