Геаграфія меліяратара Цімашкевіча /абноўлена/

Не, ён не зрабіў геаграфічных адкрыццяў, але каўшом свайго экскаватара за 45 гадоў працы вельмі падкарэкціраваў карту раёна. Асушаў свяціцкія, ліпскія, востраўскія балоты, на месцы якіх сёння хлебныя нівы, акультураныя пашы і сенажаці. Яго рукі маюць дачыненне і да кіламетраў арашальных каналаў, да з’яўлення штучных вадасховішчаў у Нетчыне, Галавачах, Сваятычах, Востраве…

У ПМК-24, куды зусім юны семнаццацігадовы Толя Цімашкевіч уладкаваўся памочнікам машыніста экскаватара (праз тры месяцы ў фармуліроўцы ўжо не было слова «памочнік»), работы быў непачаты край: маштабнасць той праграмы меліярацыі ўражвае і сёння.

Па сутнасці, у Анатолія Цімашкевіча адзінае месца работы (цяпер ён працуе ў Ляхавіцкім ПМС, якое з’яўляецца правапераемнікам ПМК-24. Перасеў на чацвёрты па ліку экскаватар. Наогул, з тэхнікай у яго заўсёды паўнейшае «ўзаемаразуменне», таму і выпрацоўка выдатная, таму ён заўсёды сярод перадавікоў. І нагрудны знак «Ганаровы меліяратар» Анатолій Яўгеньевіч заслужыў спаўна.

…Праца машыніста экскаватара цяжкая. Але якія пейзажы перад вачыма, якая прыгажосць – немагчыма да гэтага прызвычаіцца. Як арганічна спалучыліся ўразлівая геаграфія і меліярацыйная біяграфія нашага героя.

Вольга БАРАДЗІНА.