Ляховичские молодожёны салютуют звёздам

Існуе мноства традыцый і абрадаў, якія, як лічыцца, спрыяюць трываламу сямейнаму саюзу.
…Амаль кожную пятніцу і суботу жыхары райцэнтра бачаць-чуюць феерверкі — фрагмент вяселляў , якія святкуюць у рэстаране «Ластаўка», кафэ «Алеся», «Калі ласка»… Гэта прыгожае і святочнае дзейства захапляе і ўражвае. Але не ўсіх. На сайт «ЛВ» звярнулася жыхарка райцэнтра з пытаннем наконт законнасці такіх феерверкаў. І я яе разумею: людзей, якія пасля працоўнага тыдня спакойна адпачываюць, хлапкі позняга салюту часам палохаюць. Прычым салютуюць, як правіла, пачынаючы з 23 гадзін. Я не супраць свята і традыцый, але такіх, якія не перашкаджаюць спакою іншых людзей.
Па словах начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандра Ермакова, калі грамадзянін выкарыстоўвае піратэхніку ў грамадскім месцы, ён можа быць прыцягнуты да адказнасці згодна артыкула 17.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях «Дробнае хуліганства» і заплаціць штраф ад 2 да 30 базавых велічынь. Аляксандр Уладзіміравіч дадаў, што ў райаддзел звароты па данай праблеме не паступалі. І ўдакладніў: шум не павінен перавышаць дапушчальных узроўняў з 23.00 да 7.00. Кіраўніцтва ўстаноў, дзе ладзяцца вяселлі, абавязана ведаць пра гэтыя правілы і папярэджваць сваіх гасцей пра іх захаванне.
— Па прызначэнні і ўмовах прымянення піратэхнічныя вырабы (хлапушкі, петарды, феерверкі, салюты) падзяляюцца на дзве групы: бытавога прызначэння і прафесійныя. Першыя свабодна прадаюцца насельніцтву (карыстанне імі не патрабуе спецыяльных ведаў і навыкаў). Абыходжанне з тымі, якія адносяцца да тэхнічнага ці спецыяльнага прызначэння (прафесійныя), патрабуе спецыяльных ведаў і навыкаў, адпаведнай атэстацыі карыстальнікаў і забеспячэння пэўных умоў тэхнічнага абсталявання, — растлумачвае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Равінскі. — Прафесійныя маюць права запускаць асобы, якія атрымалі ліцэнзію на даны від дзейнасці, сумесна з работнікамі РАНС. Дарэчы, у Ляхавіцкім раёне такім правам валодае толькі адзін прадпрымальнік. Правіламі бяспекі вызначаны тэрмін продажу піратэхнічных вырабаў: продаж, а, адпаведна, і выкарыстанне, забаронены з 15 студзеня па 1 снежня. Калі ўзнікаюць пытанні аб законнасці выкарыстання феерверку, звяртайцеся ў інспекцыю дзяржаўнага пажарнага нагляду па тэлефоне 2-11-02, — падкрэсліў Валерый Вікенцьевіч.
Існуе яшчэ матэрыяльны і маральны бок праблемы. На вяселлі, як правіла, запускаюць феерверкі спецыяльнага прызначэння, ніяк не бытавога. У сухое надвор’е свята можа закончыцца пажарам і траўмамі. Тады ўжо не толькі міліцыя, але і ратавальнікі будуць мець права скласці пратакол. А ці стане лягчэй ад гэтага пацярпеламу?
З маральнага боку, ці маюць права тыя, хто адзначае ўрачыстасць, парушаць грамадскі парадак і спакой жыхароў райцэнтра? Мяркую, час правядзення відовішчаў ніяк не ўплывае на шчаслівае жыццё маладых…
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *