Узнята праблема даезду з Ляхавічаў у Сіняўку, Клецк

У газеце «Ляхавіцкі веснік» (№ 69 ад 12 верасня 2012 г. ) быў змешчаны матэрыял, у якім ўзнімалася праблема даезду з райцэнтра ў Сіняўку, Клецк, адзначаліся нязручнасці ў графіку руху гарадскога аўтобуса.
На публікацыю адказаў дырэктар ААТ «Аўтобусны парк г. Баранавічы» Уладзімір Пучко. Ён паведаміў, што рух аўтобусаў па міжгародніх маршрутах Баранавічы — Клецк і Баранавічы — Клецк — Мінск быў прыпынены з 17 лютага ў сувязі з нязначнасцю пасажырапатоку і, такім чынам, — стратнасцю перавозак. Аднаўленне руху аўтобусаў па ўказаных маршрутах не плануецца.
Тыя, хто штодня накіроўваюцца ў Клецк, тлумачыць дырэктар аўтобуснага парка, «могуць аўтобусам гарадскога экспрэснага маршруту №3-э Аўтастанцыя — Лотва (адпраўленне ад аўтастанцыі ў 7.46 і 19.50) даехаць да прыпынку «Кавалі» і адтуль дабрацца да патрэбнага пункта дызелем Баранавічы — Слуцк (час адпраўлення дызель-цягніка ад прыпыначнага пункта «Кавалі» 8.06 і 20.23). Па пятніцах, суботах і нядзелях — аўтобусам маршруту Ляхавічы — Навасёлкі (адпраўленне ад аўтастанцыі «Ляхавічы» ў 12.10) з перасадкай на прыпынку «Кавалі» ў дызель-цягнік Баранавічы — Слуцк (адпраўленне ад п.п. «Кавалі» ў 12.36).
Па выхадных днях курсіруе аўтобус Баранавічы — Гомель з адпраўленнем з Ляхавіч у 8.30 і перасадкай на прыпынку «Навінкі» ў аўтобус маршруту Заастравечча — Клецк; па пятніцах і суботах аўтобус Баранавічы — Бабруйск з адпраўленнем з Ляхавіч у 16.01 і перасадкай у 16.44 на прыпынку «Сіняўка» ў аўтобус Пінск — Мінск.
Наконт зручнасці графіку руху гарадскога аўтобуса для пасажыраў, Уладзімір Пучко адказаў: «Выкананне ўсіх рэйсаў па гарадскім маршруце № 1 Вакзал — аўтастанцыя — бальніца ажыццяўляецца адным аўтобусам, пры гэтым нарматыўнымі дакументамі прадугледжаны перапынкі для адпачынку і харчавання вадзіцеля, а таксама для тэхабслугоўвання і запраўкі аўтобуса палівам. У выхадныя дні (у параўнанні з рабочымі днямі ) пасажырапаток па даным маршруце зніжаецца. Таму лічым, што ўводзіць па выхадных днях дадатковыя рэйсы эканамічна немэтазгодна. У сувязі з тым, што па вуліцы Дзесюкевіча адсутнічаюць адпаведным чынам уладкаваныя і пазначаныя дарожнымі знакамі «Месца прыпынку аўтобуса» прыпыначныя пункты, арганізаваць рух аўтобусаў гарадскіх маршрутаў не ўяўляецца магчымым”.
Продаж білетаў на праезд у аўтобусах міжгародніх маршрутаў (электронных білетаў) праз Інтэрнэт ажыццяўляецца з дапамогай Інтэрнэт-рэсурсу htt://ticketbus.by.
Адказ атрыманы. Быццам бы ўсё ясна. Але ж тлумачэнні не заменяць людзям пасля лячэння ў дзённым стацыянары ці прыняцця фізіяпрацэдур (працэдуры па выхадных адпускаюцца да абеду) камфортна дабрацца дадому.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *