Погляд на сучаснасць – крок у будучыню. Перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 – пройдзе з 4 па 30 кастрычніка

Да старта засталося крыху менш за месяц. У рэспубліцы праводзяцца падрыхтоўчыя мерапрыемствы, зацверджаны арганізацыйны план правядзення перапісу насельніцтва. Так, у Брэсцкай вобласці ў перапісной кампаніі будзе задзейнічана каля 2000 чалавек.
Прыняць удзел у перапісе насельніцтва можна будзе адным з трох спосабаў: самастойна перапісацца пры дапамозе сеткі інтэрнэт, адказаць на пытанні перапісчыка на стацыянарным участку ці па месцы жыхарства.

З 4 па 18 кастрычніка 2019 года праводзіцца інтэрнэт-перапіс. Жадаючыя перапісацца праз інтэрнэт могуць прайсці па ссылцы www.перепись.бел або www.census.by і самастойна запоўніць электронныя апытальнікі на сябе і сваю сям’ю. Сайт будзе актыўны з 00 гадзін 00 мінут 4 кастрычніка 2019 года.
З 4 па 30 кастрычніка будзе праходзіць апытанне рэспандэнтаў на стацыянарных участках, у тым ліку арганізаваных у буйных арганізацыях і на прадпрыемствах.
Усяго ў перыяд правядзення перапісу ў Брэсцкай вобласці будуць працаваць 98 стацыянарных участкаў, у Брэсце – 18, час работы якіх:
з 4 па 6 кастрычніка – з 9.00 да 21.00 на ўсёй тэрыторыі рэспублікі;
з 7 па 30 кастрычніка – у гарадах, пасёлках гарадскога тыпу і буйных сельскіх населеных пунктах – з 9.00 да 20.00; у сельскіх населеных пунктах раёна – з 9.00 да 19.00.
Адрасы стацыянарных участкаў будуць размешчаны ў СМІ, а таксама на сайце галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці www.brest.belstat.gov.by у раздзеле «перапіс насельніцтва 2019».
з 21 па 30 кастрычніка перапісчыкі правядуць вуснае апытанне па месцы жыхарства насельніцтва, якое не прыняло ўдзел у перапісе ў папярэднія дні. Перапісчыкі будуць наведваць рэспандэнтаў для правядзення апытання з 9.00 да 21.00.
Для кансультавання насельніцтва па пытаннях правядзення перапісу будзе арганізавана работа адзінай тэлефоннай даведачна-інфармацыйнай службы (колцэнтра) па нумары 8-801-100-31-31. Званок з любой сеткі бясплатны з 1 па 3 кастрычніка – з 9.00 да 18.00; з 4 кастрычніка па 6 лістапада – з 9.00 да 21.00.
Перапісу падлягаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства:
пастаянна (год і больш), якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку тыя, хто на дату перапісу часова знаходзіцца за мяжой у камандзіроўцы, на адпачынку і г. д.;
часова (менш за год), якія пражываюць ці часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, пастаяннае месца жыхарства якіх знаходзіцца за яе межамі.
Пры гэтым удзел у перапісе павінны прыняць усе, хто падпадае пад вызначэнне рэспандэнта, незалежна ад полу, узросту, адукацыі і іншых персанальных характарыстык.
За грамадзян, якія на працягу тэрміна правядзення перапісу будуць адсутнічаць па месцы жыхарства, а таксама за непаўналетніх можа адказаць на пытанні перапіснога ліста любы паўналетні член сям’і, за тых, над якімі ўстаноўлены апека ці папячыцельства, адпаведна, іх апекуны ці папячыцелі.
Апытанне рэспандэнтаў можа праводзіцца на рускай ці беларускай мовах. Ніякія дакументы перапісчыку прадастаўляць не трэба, перапісныя лісты запаўняюцца выключна са слоў рэспандэнта.
Наталля ТОМАШАВА,
намеснік начальніка галоўнага статыстычнага ўпраўлення.