Калі сэрцу не хочацца спакою. У мінулы аўторак у гарадскім Доме культуры не было свабодных месцаў: прадстаўнікі залатога ўзросту сабраліся на святочны канцэрт з нагоды Дня пажылога чалавека

У фае ГДК усе жадаючыя маглі ўбачыць работы народнага майстра Ліліяны Швед. Жанчына стварае прыгожыя карціны з бісеру. Праца карпатлівая, але вынік зачароўвае.

Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран расказаў пра дзяржаўны клопат пра пажылых людзей, ад імя раённай улады падзякаваў за ўклад у развіццё малой радзімы і пажадаў землякам моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, ладу ў сем’ях.

Гучала музыка, песні ў выкананні самадзейных артыстаў, ладзіліся танцы, дэкламаваліся вершы. Сапраўдны майстар-клас паказалі нашы паважаныя пенсіянеры: калектывам «Залаты ўзрост» і «Спадчына» падпяваў увесь зал. І наогул, канцэрт прайшоў у шчырай і радаснай атмасферы, кожнае выступленне заканчвалася шквалам апладысментаў.

На сцэну падымаліся і ветэраны арганізацыі ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», якія сталі пераможцамі конкурсу на лепшую кампазіцыю з кветак «Восеньскі акорд». У гэты дзень гучалі словы падзякі людзям паважа-
нага ўзросту, прадпрыемствы і арганізацыі горада і раёна завіталі з віншаваннямі і падарункамі для былых супрацоўнікаў.

Вельмі прыемна, што нашы пенсіянеры лічаць, што ўзрост – гэта толькі лічбы. Яны ўдзельнічаюць у кросе на дзень горада, пякуць самыя смачныя ў свеце пірагі, збіраюць лайкі ў сацсетках і на сваім прыкладзе даказваюць, што актыўным і пазітыўным трэба быць у любым узросце.

Ірына КУЗЬМІЧ.