Вострыя на гумар. Напярэдадні Дня работнікаў культуры госцем «ЛВ» стаў народны тэатр мініяцюр «Вастраўчане» Востраўскага СДК

Калі ў анонсе канцэртных праграм бачыце тэатральны калектыў «Вастраўчане», абавязкова схадзіце: безліч станоўчых эмоцый гарантавана. Жарты ў самадзейных артыстаў трапныя, заснаваныя на сітуацыях, узятых з уласнага жыцця, падгледжаныя ў суседзяў – блізкія і знаёмыя для кожнага з нас.
«Вастраўчане» робяць з іх сапраўднае прадстаўленне.

Шлях у культуру

Яшчэ на пачатку двухтысячных гадоў колішні дырэктар СДК Марыя Жарская ініцыявала стварэнне ў сельскім Доме культуры драматычнага гуртка. І пайшло-паехала.
У 2009 годзе тэатральны калектыў атрымаў званне «народны», якое пастаянна пацвярджае.
У кожнага з дзевяці цяперашніх удзельнікаў свой шлях у калектыў.
–Колькі дарожцы не віцца, а тутэйшы творчы чалавек абавязкова прыпішацца ў «Вастраўчанах» – хто па рабоце, хто па закліку душы, – гаворыць дырэктар СДК культработнік па прафесіі і прызванні Валянціна Гоўша.
Валянціна Міхайлаўна – старажыл культурнай прафесіі, у ёй тры дзесяцігоддзі. Але ў дырэктара СДК столькі энергіі і энтузіязму – пазайздросцяць і маладыя.
«Вастраўчане» – прадстаўнікі розных прафесій. Кожны – незаменны, яго роля галоўная, без якой не абысціся.
– Прыйшла сюды 14 гадоў назад, так і засталася. Адпачываю тут сэрцам і душой. Разам мы – вялікая і дружная сям’я, – расказвае намеснік дырэктара Востраўскай СШ Наталля Петухова.
Пра сям’ю – гэта, можна сказаць, у літаральным сэнсе: у калектыве адну з галоўных мужчынскіх партый іграе яе сын Аляксей.
– Яшчэ калі вучыўся ў школе, запрашалі быць вядучым, на іншыя ролі. Вельмі падабалася. Напэўна, таму і застаўся надоўга. А выступаць з мамай на адной сцэне здорава, – сцвярджае настаўнік гісторыі Аляксей Пташук.
Якую ролю ні давяраюць, з ёй цудоўна справіцца Анатолій Лешык, які ўжо дзесяцігоддзе здзіўляе гледачоў сваім невычэрпным пачуццём гумару. Арцём Здановіч мясцовы, але жыве і працуе ў Баранавічах, што не перашкаджае яму наведваць кожную рэпетыцыю, удзельнічаць ва ўсіх выступленнях.
Юрый Дзямід таксама настаўнік – рускай мовы і літаратуры. Бясконца можа гаварыць пра сваіх вучняў і пра захапленне тэатрам:
– Стараюся сыграць так, каб было весела, каб у гледачоў настрой падняўся і наша выступленне запомнілася.
Самы невялікі «вастраўчанскі» стаж – усяго пяць
гадоў – у мастацкага кіраўніка ўзорнага ансамбля эстраднай песні «Пунсовыя агеньчыкі» Пятра Канцылярчыка.
Яна мастацкі кіраўнік СДК, кампазітар, піша музыку для тэатральных мініяцюр, вядучая артыстка. Гэта ўсё пра Валянціну Гаўрыльчык.
Завадатарка тутэйшых самадзейных артыстаў, тонкая і звонкая, гіпер-актыўная і супервясёлая – «Вастраўчанам» пашанцавала на рэжысёра Алену Кулак. Дарэчы, прафесіяналам яна стала ў многім дзякуючы загадчыцы СДК Валянціне Гоўша, якая ўгаварыла маладую жанчыну вучыцца на культработніка.
– Люблю нашы тэатральныя мініяцюры, а яшчэ больш люблю калектыў. «Вастраўчане» заўсёды побач: заўсёды парадуюцца і падтрымаюць, – гаворыць Алена Кулак.

Народная скарбонка

Востраўскі СДК – гэта не толькі тэатр мініяцюр. Ва ўстанове культуры ёсць свой музей –імправізаваная вясковая хата першай паловы мінулага стагоддзя. Жалезныя прасы, саматканыя ручнікі і посцілкі, вышываныя сурвэткі, драўляныя люлькі, кросны, качалкі, гліняныя гаршчкі, талеркі, жбаны, плецены чамадан, сярпы, куфар, старыя фотаздымкі – няпоўны пералік унікальных экспа-натаў. Усё багацце ў СДК перадалі вастраўчане і тыя, хто хоць і даўно тут не жыве, але трымае сувязь з месцам, дзе нарадзіўся.
Побач з гэтым казачным пакоем у фае размясціўся зялёны аазіс прыгажосці. Уладарыць у ім кіраўнік аматарскага аб’яднання «Кветкавод» Валянціна Гаўрыльчык.
Рушым далей на гукі музыкі. Адчыняем дзверы і разумеем, што яна гучыць са старога патэфона. Па суседстве з ім «пажылыя» прайгравальнікі, у тым ліку бабінныя, вінілавыя пласцінкі з запісамі куміраў мінулага стагоддзя і добрымі дзіцячымі казкамі. Побач раскватараваліся баян, гармонік, плёначныя фотаапараты. Новае месца жыхарства для гэтых прадметаў знайшлі ўдзельнікі клуба філафаністаў, які стварыла Валянціна Гоўша.
Усяго ў СДК актыўна дзейнічае 10 аматарскіх аб’яднанняў для дзяцей і дарослых.

Віншуем,  жадаем

Яшчэ мясцовыя работнікі культуры ладзяць святы не толькі для вастраўчан, але і для жыхароў іншых вёсак. Пры гэтым цесна
супрацоўнічаюць з Востраўскім сельвыканкамам, а таксама з мясцовымі школай і дзіцячым садком, ФАПам, Востраўскім лясніцтвам, ЗТАА «БелДан».
«Каб у душы заўжды была вясна, гарэлі вочы вашы шчасцем, каб у жыцці было ўсё, што трэба: любоў, здароўе, хлеб і ўсё да хлеба!» – пажаданне ад «Вастраўчан» чытачам «ЛВ» і ўсім землякам.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.