У падарожжа з прафесіяналам. Дырэктар Малагарадзішчанскай школы — сярэбраны пераможца ІІІ Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Пазнанне ў сумеснай творчасці»

Гэтым летам ДУА «Малагарадзішчанскі вучэбна-педагагічны
комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа» сярод тых, хто занесены на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна.


Анжэла Яварчук – сярэбраны пераможца ІІІ Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Пазнанне ў сумеснай творчасці»

Ёсць розныя стадыі да звання прафесіянала.  Вучань. Калі толькі пачынаеш спасцігаць невядомае.
Майстар. Калі маеш пэўны багаж ведаў і можаш прымяніць іх на практыцы.
Настаўнік. Калі веды, практыка, вопыт сумяшчаюцца і перадаюцца наступным пакаленням. Дырэктар Малагарадзішчанскай школы Анжэла Яварчук дадала яшчэ адну прыступку: калі ты натхняеш на вучобу, работу, творчасць, новыя дасягненні іншых – прафесіянал.
А нагода наведаць гэту ўстанову адукацыі надзвычай прыемная і ганаровая. Анжэла Георгіеўна ў мінулую пятніцу ў святочнай
абстаноўцы міжнароднага конкурсу праектаў прафесійнага самавызначэння навучэнцаў у рамках адукацыйнага падарожжа падымалася на сталічную сцэну ў якасці сярэбранага пераможца. Яе праект адукацыйнага падарожжа ў прафесію «Настаўнік» пакарыў журы сваімі арыгінальнасцю, незвычайнасцю задумкі. А, самае галоўнае, практычным прымяненнем і рэзультатыўнасцю.
Мэта, якую паставіла перад сабой аўтар праекта, гучыць так: фарміраванне ўяўленняў пра спецыфіку і асаблівасці прафесіі настаўніка. І гэта невыпадкова. Справа ў тым, што пасля дня самакіравання ў школе хлопчыкі і дзяўчынкі асабліва зацікавіліся прафесіяй педагога. Прытым, у самых розных аспектах: ад ВНУ, дзе можна атрымаць адукацыю, да матэрыяльнай падтрымкі маладых педагогаў.


Анжэла Яварчук са сваімі чамучкамі, якія раздзяліліся на групы,
даследавалі педагагічнае жыццё. Спачатку працавала група гісторыкаў. Яны шукалі адказы на пытанні: дзе і калі з’явіліся першыя
школы. Увогуле, цікавіліся крыніцамі педа-гагічнай справы…Статыстыкі-аналітыкі вызначалі лічбавы бок. А гэта сярэдні прахадны бал ва ўстановы адукацыі педагагічнага профілю, памер заработнай платы ў настаўнікаў, якія працуюць ў рэгіёнах, сацыяльныя гарантыі для маладога спецыяліста.
Інфармацыю школьнікі атрымалі з самых першых вуснаў: інтэрв’ю з дырэктарам Анжэлай Георгіеўнай, цікавая размова з маладой настаўніцай хіміі і біялогіі Ксеніяй Булыга і ветэранам педагагічнай справы Таісай Гатоўчыц. Якасці, якімі павінен валодаць настаўнік, патрабаванні да спецыяліста, стыль зносін – над гэтым і многім іншым працавала група псіхолагаў.
Рэдактары здолелі ўсе напрацоўкі, лічбы, вынікі, каментарыі, парады, меркаванні аб’яднаць у цікавым выпуску школьнай газеты «Крынічка», а таксама на сайце ўстановы. Брэнд-менеджары падрыхтавалі прэзентацыю, з якой выступяць на школьным фестывалі прафесій у сакавіку.
Дарэчы, малагара-дзішчанскіх школьнікаў асабліва цікавяць прафесіі, якія запатрабаваны на Ляхавіччыне. Вывучэнне і даследаванне кожнай пасля складуць аснову для кнігі «Я выбіраю прафесію».
Гэта калі вельмі коратка пра праект. Ён, дарэчы, яскрава пацвердзіў, што ў Анжэлы Георгіеўны самая надзейная каманда: вопытныя педагогі, якія адмаўляюцца глядзець на жыццё стэрэатыпна, і вучні, якія натхняюць на перамогі.
А яшчэ яна проста любіць сваю работу, сваіх дзетак, сваіх калег, сваю школу. І гэта адчувальна літаральна з веснічак. Тэрыторыя ўзорная: паўсюль кветкі, рознакаляровыя ўпрыгажэнні ў выглядзе лічбаў і самага галоўнага прызнання – знака «Я люблю школу». Здаецца, тут увогуле ўсё дыхае творчасцю, імкненнем удасканальвацца і развівацца. А яшчэ, відавочна, Малагарадзішчанская СШ-ДС і для настаўнікаў, і для школьнікаў як другі дом.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Анжэла Яварчук з дынастыі педагогаў. Родная сястра
Святлана Бялецкая ўзначальвае райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Дачка Надзея Лапіч таксама
педагог. Працуе галоўным спецыялістам райвыканкама па пытаннях спорту і турызму.

Вытрымка з інтэрв’ю з дырэктарам у школьнай газеце:
– Ваша жыццёвае крэда?
– Вельмі важна быць сумленным, справядлівым і адказным. Толькі калі сам чалавек такі, гэтага можна
патрабаваць ад іншых. Таму заўсёды ў сваіх учынках стараюся, каб яны маглі стаць прыкладам як для настаўнікаў, так і для вучняў.