І быў кастрычнік, і была рэвалюцыя. З чым звязваюць дату 7 лістапада сучаснікі – тэма чарговага апытання «ЛВ» /фота + відэа/

102 гады прайшло з таго часу, як залп легендарнай «Аўроры» ў далёкім 1917 годзе стаў сімвалічным пачаткам новых сацыяльна-эканамічных адносін. Памяць пра тыя кастрычніцкія падзеі нашчадкі захоўваюць і сёння. 7 лістапада ў нашай краіне – чырвоны дзень календара.
З чым звязваюць гэту дату нашы землякі- сучаснікі – тэма чарговага апытання «ЛВ».

Наталля КУЛАК, першы сакратар райкама камуністычнай партыі Беларусі, дырэктар СШ № 1:
– Для адных 7 лістапада – звычайны восеньскі дзень, прыемны выхадны сярод працоўнага тыдня, а для кагосьці – традыцыя, значнае свята. Камуністычная партыя нарадзілася менавіта пасля далёкіх падзей 1917 года. І сёння ў яе ўваходзяць не толькі прадстаўнікі сярэдняга і сталага ўзросту, але і моладзь, якая прадаўжае слаўныя традыцыі старэйшых пакаленняў.
Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – не проста нагода ўспомніць пра лёсавызначальную гістарычную падзею. Пры ўсёй неадназначнасці сённяшніх ацэнак рэвалюцыі, гэта наша гісторыя, якую мы павінны ведаць і помніць. Вялікі Кастрычнік, без перабольшання, змяніў свет, даў многім народам права на самавызначэнне і атрыманне дзяржаўнасці. І тое, што сёння мы жывём у свабоднай і незалежнай краіне, – таксама падарунак разам  з 7 лістапада.

Васілій ПАДЗІНА, падпалкоўнік у адстаўцы:
– Сённяшнія пакаленні па-рознаму ацэньваюць гістарычнае значэнне Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але бясспрэчны факт: яна стала днём нараджэння новай эпохі. Хутка пасля рэвалюцыйных падзей на палітычнай карце свету з’явілася краіна новай фармацыі – Савецкая Расія, потым Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, у якім адной з 15 братніх рэспублік была і БССР. Пакаленні нашых продкаў, якія рабілі рэвалюцыю, будавалі новую краіну, тады яшчэ не ўсведамлялі, што давядзецца прайсці доўгі, з цяжкімі выпрабаваннямі шлях: Грамадзянская вайна, голад, рэпрэсіі, Вялікая Айчынная вайна, аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі. Але гэта таго варта, галоўнае, каб дзеці, унукі, праўнукі былі роўнымі ў правах, жылі ў незалежнай краіне.
Неабходна браць урокі з таго гістарычнага перыяду, рабіць высновы, каб не паўтараць памылак, прымнажаць дасягненні. Васьмігадзінны рабочы дзень, права на працу, на бясплатную адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, абарона правоў жанчын і мацярынства – гэтыя заваяванні рэвалюцыі і сёння застаюцца важнымі акцэнтамі дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі.
Электрыфікацыя і індустрыялізацыя вялікай краіны, калі будаваліся заводы, фабрыкі, школы, бальніцы, развівалася сельская гаспадарка, пакінулі важны след у эканамічным развіцці і нашай краіны.
Разам (і на франтах, і ў тыле ворага, і на неакупаваных тэрыторыях) прадстаўнікі ўсіх брацкіх рэспублік далі адпор фашыстам і перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне. Я, ветэран Узброеных Сіл, ганаруся арміяй, у якой служыў, сённяшнім маладым пакаленнем абаронцаў Айчыны, якія надзейна стаяць на варце незалежнасці Беларусі.
Гісторыя не павінна забывацца, кожная яе старонка каштоўная. 7 лістапада асабіста для мяне быў і застаецца святочным днём. Калі служыў, неаднойчы прымаў удзел у парадах. Гэта ні з чым не параўнальнае адчуванне – ваеннай магутнасці дзяржавы. І сёння беларуская армія – надзейная сіла, якая трывала стаіць на варце міру.

Вольга ПЛЯШЭВІЧ, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы:
– Для мяне 7 лістапада – сімвал імкнення мільёнаў людзей да здзяйснення мары пра новае жыццё, заснаванае на прынцыпах павагі да інтарэсаў чалавека працы. Даступныя адукацыя і медыцына, свабода сумлення, роўнасць грамадзянскіх правоў і свабод, упэўненасць у заўтрашнім дні – гэтыя і іншыя заваяванні Кастрычніцкай рэвалюцыі застаюцца асноўнымі арыенцірамі беларускага грамадства.
А свята – выдатная нагода ўспомніць пра наша мінулае, асэнсаваць дасягненні, задумацца пра ўрокі гісторыі і пра тое, што неабходна разам зрабіць для шчаслівага заўтра сваёй малой радзімы і ўсёй краіны.
Ляхавіцкая бібліятэка штогод да гэтай даты арганізоўвае разнастайныя мерапрыемствы. Сёлета запрашаем ляхавічан на тэматычную выставу паштовак, якую з асабістага архіва прадаставіла наша чытачка Ірына Прыступа-Юнік.

Вікторыя БОДНАР, сакратар пярвічкі БРСМ СШ № 2:
– Вучуся ў 11 класе. Ведаю ад сваіх родных, што раней гэты дзень адзначаўся вельмі маштабна: у вёсках, вялікіх і малых гарадах ладзіліся дэманстрацыі, людзі ў калонах, упрыгожаных сцягамі, транспарантамі і паветранымі шарамі, ішлі на мітынгі.
Пра падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі ведаю і з урокаў гісторыі, гэты перыяд мы вывучалі ў 9-м класе. Дзень 7 лістапада звязаны з рэвалюцыйнымі падзеямі.
Час ідзе, у новых пакаленняў свае ідэалы, свае мэты і імкненні. Тым не менш, у календары нашай краіны чырвоным колерам пазначаны Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Так, ён напоўнены іншым сэнсам, чым калісьці, і святкуем мы яго не так, як нашы бабулі і дзядулі. Цяпер прынята падводзіць вынікі работы ў розных сферах, адкрываць новыя прадпрыемствы, школы, бальніцы, дзіцячыя пляцоўкі.
Маладое пакаленне беларусаў ведае і шануе гісторыю сваёй краіны.

Запісала Галіна КАНЬКО.