Ляхавічане традыцыйна актыўна прымаюць удзел у галасаванні

Ляхавічане традыцыйна актыўна прымаюць удзел у галасаванні. Сёння яны зноў разважаюць пра тое, чаму важна прыйсці на выбарчыя ўчасткі.

Уладзімір ГУНЬКО, дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі»:
– Удзел у выбарах – справа не асабістая, а дзяржаўнай важнасці. Ад выбару кожнага з нас залежыць, хто будзе прадстаўляць інтарэсы жыхароў Ляхавіччыны ў Парламенце, у многім – і наш заўтрашні дзень, будучыня дзяцей і ўнукаў. Таму наш абавязак – прыйсці на ўчасткі і акрэсліць сваё волевыяўленне.
Галоўнае, каб абраны дэпутат быў неабыякавым добрасумленным чалавекам. Планую галасаваць датэрмінова на Тухавіцкім участку для галасавання. Дарэчы, некалі і сам неаднойчы быў старшынёй участковай выбарчай камісіі. Ведаю, што работнікі торфабрыкетнага актыўна далучыліся да галасавання, але большасць усё ж прагаласуе ў нядзелю, 17 лістапада.

Наталля ГАТОЎЧЫЦ, настаўніца замежнай мовы Ліпскай СШ:
– На гэтых парламенцкіх выбарах у мяне дзве адказнейшыя місіі. Як закона-паслухмяны грамадзянін ужо выканала свой грамадзянскі абавязак – прагаласавала. Зрабіла гэта датэрмінова, бо 17 лістапада буду прысутнічаць на Ліпскім участку для галасавання № 52 у якасці назіральніка ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У гэтай ролі ўпершыню, канешне, хвалююся.
У нашай краіне шмат робіцца для моладзі, самае галоўнае – магчымасць бясплатна атрымаць адукацыю. Я спачатку закончыла педагагічны каледж, цяпер вучуся завочна ва ўніверсітэце і працую ў роднай Ліпскай школе.

Іван БУЙКО, ляхавічанін:
– Лічу, што мой голас важны. Калі кожны з нас будзе актыўным, неабыякавым, разам можна шмат зрабіць для сябе і сваёй краіны.
Яшчэ напрыканцы мінулага тыдня атрымаў запрашэнне ад участковай камісіі прыйсці на выбары. З кандыдатам таксама вызначыўся, спадзяюся на яго перамогу. Галасаваць пайду ў асноўны дзень выбараў.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.