Банкаўскія паслугі запатрабаваны не толькі насельніцтвам Ляхавіччыны, але і юрыдычнымі асобамі.

Даць насельніцтву магчымасць надзейна захоўваць свабодныя грашовыя сродкі — галоўная задача ашчадных кас, якія пачалі сваю гісторыю з пастановы Саўнаркама ад 26 снежня 1922 года. 23 мая 1923 года ў Мінску была адкрыта першая ашчадная каса. І першы ўклад на ашчадную кніжку №1 — ганарар за кнігу «Спадчына» — быў унесены Янкам Купалам.
Адкрыццё Ляхавіцкай раённай ашчаднай касы № 6458 адбылося ў ліпені 1944 года.
Шмат разоў змяняліся шыльды, маштабы дзейнасці сістэмы, а 17 гадоў назад адбылася рэарганізацыя банка ў акцыянерны ашчадны банк «Беларусбанк».
90 гадоў — узрост мудрасці і сталасці. Дарэчы, фінансавая біяграфія мясцовай ашчадкасы пачалася з першага добраахвотнага ўзносу — 5 рублёў — рэдактара раённай газеты.
ААТ «ААБ Беларусбанк» спалучае прафесійны вопыт і багатыя традыцыі з рэпутацыяй надзейнага партнёра. Дэвіз банка — «Заўсёды побач».
Так яно і ёсць.
— Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці калектыву з’яўляецца развіццё рознічнага бізнесу. Галоўная наша задача — прапанаваць насельніцтву тыя паслугі, якія адпавядаюць яго патрэбам, дапамагаюць вырашаць штодзённыя праблемы, — расказвае дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №117 філіяла №802 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г. Ляхавічы Вольга Кучэйка.
Кожная сям’я ў раёне карыстаецца ці карысталася паслугамі банка. ЦБП №117 аказвае сваім кліентам не толькі традыцыйныя банкаўскія паслугі (адкрыццё рахунку, продаж-купля валюты, афармленне крэдыту і г.д.). У «Беларусбанку» можна зрабіць грашовыя пераводы, аформіць страхоўку, купіць латарэі, заключыць дагавор на прыём плацяжоў.

Дырэктар ЦБП №117 Вольга Кучэйка (у цэнтры), начальнік ад-дзела крэдытавання Брэсцкага абласнога ўпраўлення Святлана Сідзюк (справа) і намеснік дырэктара ЦБП Людміла Рытвінская банкаўскай справе прысвяцілі не адзін дзясятак гадоў.

Асаблівая ўвага сёння надаецца развіццю і ўкараненню новых тэхналогій безнаяўных разлікаў. Запатрабаваным стала правядзенне фінансавых аперацый без наведвання банка — на адлегласці. Вялікую папулярнасць сярод жыхароў раёна набываюць новыя сэрвісы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання: SMS-банкінг, М-банкінг, інтэрнэт-банкінг. Гэтыя паслугі дазваляюць трымальнікам пластыкавых картак праводзіць фінансавыя аперацыі кругласутачна, не выходзячы з дому, з дапамогай мабільнага тэлефона і інтэрнэта. Дарэчы, спецыяльна для непаўналетніх банк выпусціў новую пластыкавую картку з індывідуальным дызайнам — БелКарт-М «Дзіцячая».
Банку людзі давяраюць свае грошы — на дэпазітах захоўваецца ў эквіваленце ўсіх валют 56475 мільёнаў рублёў, у тым ліку на тэрміновых дэпазітах — 46944 мільёны рублёў.
У ЦБП да кожнага кліента ставяцца ўважліва, але пенсіянеры — асаблівая катэгорыя, з імі працуюць індывідуальна: пісьмовыя віншаванні з юбілеем, святамі, запрашэнні наведаць аперацыйны аддзел — такія праяўленні ўвагі выклікаюць толькі станоўчыя ўражанні.
Браць у банка пазыку стала звыклай справай. Ажыццявіць сваю мару — набыць рэч ці паслугу, на якую трэба збіраць доўгі час — дапамагае крэдыт. Дзякуючы банкаўскаму крэдыту многія жыхары Ляхавіччыны змаглі палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — стаць уладальнікамі ўласных кватэр ці дамоў. Між іншым, за апошнія гады ў Ляхавіцкім раёне на льготнае жыллёвае будаўніцтва было накіравана больш за 85 мільярдаў рублёў.

Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч уручае ўзнагароду райвыканкама загадчыцы сектара разлікаў аддзела карпаратыўнага бізнесу ЦБП № 117 Таццяне Кананчук.

Дарэчы, банкаўскія паслугі запатрабаваны не толькі насельніцтвам, але і юрыдычнымі асобамі.
Па словах Вольгі Кучэйка, у ЦБП абслугоўваецца больш як палова прадпрыемстваў Ляхавіччыны. Кліентамі банка з’яўляюцца ЖКГ і лясгас, ДРБУ-200 і «Трансэлектракамплект», гандлёвы дом «Уладзімір» і ТАА «Ляхавічыдрэў», многія бюджэтныя арганізацыі. Сёння юрыдычным асобам даступна звыш 100 відаў паслуг: ад разлікова-касавага абслугоўвання да шматлікіх паслуг міжнароднага ўзроўню. Выкарыстанне банкам сучасных тэхналогій дазваляе кліентам ажыццяўляць з дапамогай электроннай сістэмы «Кліент- банк» дыстанцыйнае кіраванне фінансавымі патокамі сваіх рахункаў без наведвання банка. Добра знаёмыя многім чэкавыя кніжкі паступова адыходзяць у мінулае, на змену ім прыходзяць карпаратыўныя і персанальныя банкаўскія пластыкавыя карткі, выгаду і зручнасць у карыстанні якімі адчулі ўжо многія індывідуальныя прадпрымальнікі.
Філіял №802 ААТ «ААБ Беларусбанк» удзельнічае ў рэалізацыі сацыяльна-эканамічных праграм, накіраваных на новае будаўніцтва, мадэрнізацыю і тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці, удасканаленне тэхналагічных працэсаў. Для мясцовых гаспадарак па сістэме фінансавага лізінгу набываецца тэхніка, прадпрыемствам выдаюцца крэдыты на рэканструкцыю. Напрыклад, Ляхавіцкаму кансерваваму заводу аказвалася крэдытная падтрымка для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Будаўніцтва цэха па вытворчасці плодаагароднінных кансерваў з устаноўкай новых тэхналагічных ліній».
Галоўнай рухальнай сілай любой сістэмы з’яўляюцца людзі, якія адказна і неабыякава ставяцца да сваёй справы, працуюць натхнёна і самааддана. Сённяшні штат ЦБП і сельскіх аддзяленняў банка (іх у раёне працуе 13) — 50 чалавек.

Заўсёды рады прапанаваць новыя паслугі банка начальнік аперацыйнага аддзела Рыта Шпак і спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг Таццяна Лабейка.

— З гонарам магу сказаць пра наш калектыў: ён не толькі прафесіянальны, але і дружны. Добрая каманда — адзін з абавязковых складальнікаў умелага вядзення спраў. Лічу, што для паспяховай працы неабходны і вопыт і маладая энергія. Настаўнікамі, прафесіяналамі з’яўляюцца Людміла Рытвінская, Алена Люкевіч, Алена Ракуць, Ірына Максімчык, Генадзій Праневіч, Ірына Коктыш, Ганна Цярпіцкая, Галіна Івановіч, Таццяна Гуліцкая. Гонар і пашана былым супрацоўнікам нашага банка, якія шмат гадоў працавалі ў банкаўскай сістэме — Лідзіі Беляновіч, Марыі Юруць, Ніне Буйкевіч, Таццяне Асіповіч, Валерыі Дзянішчык, Марыі Кумейша, Валянціне Сахон. Мы вельмі ўдзячны гэтым людзям і гатовы заўсёды падтрымаць іх. Спалучэнне прафесіяналізму і працавітасці дапамагло заслужыць аўтарытэт і рэпутацыю выдатных работнікаў Таццяне Кананчук, Наталлі Ермакоўскай, Валянціне Маліхтаровіч, Марыі Малевіч, Ірыне Чаранкевіч, Наталлі Сяргей, Наталлі Праневіч, Таццяне Лабейка, Зоі Данілевіч, Галіне Рак, Тамары Новік, Ганне Селезень і іншым маім калегам, — адзначае Вольга Кучэйка.
Карпаратыўны дух падтрымліваюць шматлікія агульныя справы і інтарэсы, членства ў грамадскіх арганізацыях, удзел у культурна-масавых, спартыўных мерапрыемствах. А агульны адпачынак настройвае на зацікаўленую работу.
Днямі калектыў ЦБП прымаў віншаванні з 90-гадовым юбілеем «Беларусбанка». Далучаецца да ўсіх добрых пажаданняў і «ЛВ».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *