Гісторыя ў белых халатах

Фота з архіва ЦРБ

З кожным годам разам з аднаўленнем разбуранай вайной народнай гаспадаркі развівалася і медыцына. Як гэта адбывалася, успамінаюць сённяшнія і былыя медыкі

1944 год. Толькі-толькі вызвалілі тэрыторыю Ляхавіцкага раёна ад фашыстаў, як пачалі прымацца актыўныя меры па арганізацыі аховы здароўя. У горадзе за лічаныя месяцы адкрыліся бальніца, амбулаторыя, санэпідэмстанцыя. «Пазней пачынаюць працаваць бальніца і амбулаторыя ў вёсцы Крывошын, урачэбна-амбулаторны ўчастак у вёсцы Мядзведзічы, фельчарска-акушэрскія пункты ў вёсках Сваятычы, Жарабковічы, Тальмінавічы, Ціткаўшчына, Востраў. Шмат сіл і энергіі аддалі наладжванню медыцынскай дапамогі насельніцтву загадчык раённага аддзела аховы здароўя М. І. Шнэк, галоўны ўрач раённай бальніцы В. А. Кучарэнка, урачы В. А. Кандыбовіч, А. П. Кулеш, М. А. Кнак, Т. С. Астапава. Іх надзейнымі памочнікамі ў цяжкі пасляваенны час былі фельчары і медыцынскія сёстры Н. І. Лобан, А. В. Пацкевіч, А. А. Стаскевіч, М. П. Коўчур,Т. Я. Радзіёнава, Т. А. Ходар і многія іншыя». (Кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён»).

Рыта ЖУК,былая галоўная медсястра Ляхавіцкай ЦРБ:

– Пасля заканчэння Баранавіцкага медыцынскага вучылішча ў 1967 годзе я вярнулася на сваю малую радзіму – Ляхавіччыну. Па размеркаванні трапіла ў абласную псіханеўралагічную бальніцу «Крывошын». А 7 кастрычніка 1970 года ў маёй працоўнай кніжцы з’явіўся запіс ужо ў Ляхавіцкай райбальніцы: «прынята на работу інструктарам па лячэбнай фізкультуры і масажы». Праз пяць гадоў прызначылі старшай медсястрой.
Канешне, умовы тады былі зусім іншыя, чым цяпер. Што тычыцца медсястрынскай работы, то інструменты выкарыстоўвалі многаразовыя, пасля кожнага прымянення іх кіпяцілі. Самі рабілі сістэмы для ўнутрывеннага ўвядзення лякарстваў. Цяпер для персаналу і наведвальнікаў бальніцы, паліклінікі створаны цудоў-ныя ўмовы.
Раней бальнічны гарадок у Ляхавічах выглядаў так: у невялікіх будынках-павільёнах размяшчаліся пакоі для адміністрацыі, бухгалтэрыя, у асобным – раддом. У былым касцёле на першым паверсе – тэрапія, на другім – хірургія і гінекалогія (чатыры ложкі). Дзіцячае аддзяленне размяшчалася на тым месцы, дзе зараз харчаблок, інфекцыйнае – і ўвогуле на вуліцы Дзесюкевіча, тут
цяпер жылыя дамы. Было цесна, нязручна, але як дружна мы жылі! Разам са старэйшымі медсёстрамі аддзяленняў Генадзіяй Дуброўка, Галінай Садоўскай, Ірынай Фірусь, Валянцінай Жэрка, старшым фельчарам хуткай дапамогі Міхаілам Мышкаўцом стараліся арганізаваць якаснае медыцынскае абслугоўванне.

Галіна МАГЕР, былы загадчык Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі:
– Драўляны будынак з пячным ацяпленнем – такім было наша з мужам Расціславам Іванавічам першае працоўнае месца. Тады
Востраўская ўчастковая бальніца была разлічана на 35 ложка-месцаў. У 70-я гады мінулага стагоддзя тут аказвалі медыцынскую
дапамогу жыхарам некалькіх дзясяткаў вёсак (замацавана больш за пяць тысяч чалавек). Мужа прызначылі галоўным урачом, мяне –
урачом. Разам з намі працавалі ўрачы Зінаіда Валністая, Аляксандр і Ніна Валкевічы, вопытны фельчар Валянцін Лобан, шэсць медыцынскіх сясцёр, дзве акушэркі, фельчар. Галоўны транспарт –
конь, запрэжаны зімой у сані, у іншыя поры года – у вазок. Так і ездзілі па выкліках. Потым выдзелілі старэнькі УАЗ. Побач і працавалі, і жылі: у адной палове хаты – урачэбная амбулаторыя, у другой – наш дом.
У 1979 годзе справілі медыцынскае наваселле: у рэканструяваным інтэрнаце завода адкрылі Тухавіцкую ўчастковую бальніцу на 50 ложка-месцаў, а ў дабудаваным памяшканні – урачэбную амбулаторыю. Умовы шыкоўныя на той час. На ўліку ў амбулаторыі было 150 цяжарных і столькі ж дзяцей да аднаго года.
Любілі сваю работу, не лічыліся з уласным часам старшая медсястра Ірына Траццякевіч, медсёстры Зінаіда Арцём, Алена Зенчанка, Надзея Лук’янчык, Вольга Собаль, Марыя Шваль, фельчар Мікалай Тадра.
На пачатку двухтысячных Тухавіцкая ўчастковая бальніца стала ўрачэбнай амбулаторыяй. На заслужаны адпачынак я канчаткова пайшла ў красавіку 2018 года, а мой працоўны ўрачэбны стаж – 47 гадоў і 6 месяцаў.

Міхаіл КУЛЯШОЎ, намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ:

– У прафесіі я без малога чатыры дзесяцігоддзі. Удзячны лёсу, што мая працоўная біяграфія звязана менавіта з Ляхавіччынай, якая для мяне, карэннага гродзенца, выпускніка тамашняга медінстытута, стала роднай і любімай. Колішні галоўны ўрач райбальніцы Сяргей Сяржантаў не пабаяўся мне, маладому спецыялісту, даверыць кіраванне Ураджайнінскай участковай бальніцай. Стараўся апраўдаць давер, а калектыў мяне вельмі падтрымліваў. Наша ўстанова аховы здароўя неаднойчы станавілася пераможцай раённага спаборніцтва.
Напрыканцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ў раёне дзейнічалі 21 ФАП, 4 урачэбныя амбулаторыі, 4 участковыя бальніцы (у Тухавічах, Крывошыне, Савейках і Ураджайнай), працавалі 270 работнікаў, у тым ліку 58 урачоў. У 1986 годзе адкрылася Ліпская ўрачэбная амбулаторыя, у 1988 годзе –
Альхоўская.
Шмат для развіцця медыцыны на Ляхавіччыне рабілі былыя галоўныя ўрачы Вадзім Лапко, Сяргей  Сяржантаў. Пашчасціла працаваць з выдатнымі прафесіяналамі-ўрачамі Яўгеніем Папроцкім, Ірынай Рыжаковай, Аляксеем і Эльвірай Новікамі, Ірынай Дашко, Клаўдзіяй Клімашэўскай, Яраславам Лойчыцам, Станіславам і Ларысай Папко, Сяргеем і Галінай Бяляевымі, Валерыем і Аленай Саланенкамі, Леанідам Лапічам, Аляксандрам і Соф’яй Васілевічамі.
На пачатку дзевяностых гадоў толькі-толькі пачыналі рабіць свае першыя крокі ў прафесіі, набіраліся вопыту і сталі першакласнымі ўрачамі Марына Вармахоўская, Інэса Драздовіч, Ірына Волкава, Ігар Васілевіч, Алена Іванова.
Прайшло больш за 30 гадоў, як новая раённая бальніца на 320 ложка-месцаў пачала прымаць шматлікіх пацыентаў. За гэты час многае змянілася. У 2003 годзе дыспетчарскі пункт хуткай дапамогі размясціўся ў асобным памяшканні. У жніўні 2007 года ў бальніцы завяршылася рэканструкцыя рэанімацыйнага аддзялення і аперацыйнага блока хірургічнага аддзялення. А пяць гадоў назад увялі ў эксплуатацыю, лічы, новую паліклініку.
У мінулым годзе пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй, які праводзіўся за кошт сродкаў раённага і абласнога бюджэтаў, пачаў працаваць харчаблок бальніцы. А гэта таксама вельмі многа значыць для зручнасці пацыентаў і работнікаў.

Запісала Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва ЦРБ.