Энергічныя энергетыкі. Іх 76 – работнікаў Ляхавіцкага раёна электрасетак

Начальнік РЭС Віктар Станкевіч, электраманцёр Юрый Юрчанкоў і майстар Валерый Калацкі.

Іх 76 – работнікаў Ляхавіцкага раёна электрасетак. І яны галоўныя на нашай тэрыторыі па святле. Задача – свяціць заўсёды і ўсюды – вырашаецца дзякуючы прафесіяналізму, адказнаму стаўленню да абавязкаў, энергічнасці саміх энергетыкаў і, канешне ж, дасканаласці ў рабоце.

На абслугоўванні РЭС знаходзяцца размеркавальны пункт, 18 мачтавых, 329 камплектных трансфарматарных і 119 трансфарматарных падстанцый. Яшчэ – павуцінне з правадоў і кабеляў агульнай працягласцю больш за 1350 кіламетраў, рознага кшталту камунікацыйнае абсталяванне, 2230 свяцільняў для вуліц, а прыборы ўліку электрычнай энергіі – у кожным доме-кватэры і не толькі.
Такая гаспадарка патрабуе далікатных адносін, самай пільнай увагі, перманентнага аб- і аднаўлення. Напрыклад, электралічыльнікі. Як адзначыў начальнік РЭС Віктар Станкевіч, праз два гады ў раёне не павінна застацца ні аднаго індукцыйнага электралічыльніка. Пераход на электронны аналаг пачаўся каля дзевяці гадоў назад. Сёння з працуючых у раёне каля 18 тысяч электралічыльнікаў, больш за 10 тысяч уяўляюць сабой электронны варыянт прыбора.
На змену газаразрадным вулічным лямпам-свяцільням прыходзіць святлодыёд. Пакуль такога кшталту крыніцы святла прыйшлі на вуліцы шэрага населеных пунктаў Альхоўскага і Жарабковіцкага сельскіх саветаў.
З усё большай актыўнасцю па часе, на карысць ашчаднасці спажывання электрарэсурсу, эфектыўнасці і надзейнасці работы сістэмы перадачы энергіі, працуюць і над змяншэннем выпадкаў аварыйных адключэнняў. За перыяд з 2016-га па гэты год відавочна іх колькасць зменшылася: з 23 у зімовы сезон 2016-2017 гадоў да дзевяці сёлетніх. Справа ў грунтоўнасці нясення службы, вытворчай энергічнасці нашых электраэнергетыкаў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.