Спартакіядным крокам. З завяршэннем года каляндарнага фінішаваў і 2019-ы спартыўны

Лаканічна-вобразная назва гэтых стартаў – працоўная спартакіяда, поўная і разгорнутая – круглагадовая спартакіяда працоўных калектываў Ляхавіцкага раёна. Спаборніцтва комплекснае, праводзіцца паэтапна са снежня па студзень штогод. У спартакіядзе-2019 прынялі ўдзел каманды многіх прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны. Паўдзельнічалі нават суседзі: у турнірах па міні-футболе і валейболе па-за залікам сыгралі каманды з Баранавічаў.
Валейбольны турнір прайшоў на самым фінішы года, завяршаў спартакіяду і ў немалой ступені вызначаў яе пераможцаў і прызёраў у агульным заліку. Каманды для гульні сабралі РАНС, рай-бальніца, камунгас, агракаледж, аддзел па адукацыі райвыканкама, ААТ «Жарабковічы». Свае сілы на нашым паркеце праверылі таксама баранавіцкія «Сувязісты». Яны зрабілі ўсяго адзін, але пераможны выхад на пляцоўку – супраць раённых выратавальнікаў, якія, у сваю чаргу, не дапусцілі больш ні аднаго паражэння і ў выніку сталі лепшай валейбольнай дружынай спартакіяды. На прыступку ніжэй размясціліся валейбалісты-медыкі, а трэцім прызёрам стала каманда з «Жарабковіч».
Мацнейшыя ў спаборніцтве па валейболе сфарміравалі таксама і прызавую тройку па суме выступленняў на ўсіх этапах раённай спартакіяды працоўных калектываў. Але не без ракіроўкі: агульны спартакіядны залік выйгралі жарабковіцкія аграрыі, сярэбранай стала каманда цэнтральнай раённай бальніцы, а бронза спаборніцтва дасталася спартсменам РАНС.
Наогул, варта адзначыць актыўнасць калектыву ААТ «Жарабковічы»: практычна ні адзін са спартыўных стартаў у раёне не абыходзіцца без іх удзелу. Яшчэ адна «генетычная» адметнасць фізкультурнікаў гаспадаркі – калі не стабільны поспех, то заўсёды вельмі «роўнае» выступленне. І аналагічнае сёлетняму званне лепшых спартакіяднікаў у фізкультурнікаў з «Жарабковіч» далёка не дэбютнае.
Дарэчы, ужо вельмі хутка галоўныя прызы спартакіяды знойдуць сваіх уладальнікаў.
А новы год прынясе новыя і ўжо вельмі хуткія спартакіядныя старты.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ЗДЫМКАЎ  У ФОТАРЭПАРТАЖЫ на САЙЦЕ «ЛВ