В Ляховичском районе дан официальный старт благотворительному марафону «Рождественский подарок»

Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук прывёз калядныя падарункі Насці Ракашэвіч з Русінавіч.

Па ўсёй краіне напярэдадні калядных і навагодніх святаў праходзіць традыцыйная акцыя «Нашы дзеці» — ужо 16-ты раз запар. У цэнтры ўвагі грамадскасці ў гэтыя дні — рабяты, якім у сваім маленькім яшчэ жыцці ўжо давялося сутыкнуцца з выпрабаваннямі лёсу, — выхаванцы інтэрнатаў, прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзеці-інваліды. З першых дзён снежня на Ляхавіччыне пачалася актыўная падрыхтоўка да дабрачыннага марафону «Калядны падарунак». Яго арганізатарамі выступілі райвыканкам, аддзел адукацыі, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Белая Русь», цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Афіцыйны старт дабрачыннаму марафону быў дадзены ў мінулы аўторак у магазіне «Аліса», дзе прайшла ўжо знаёмая ляхавічанам па мінулым годзе акцыя «Жаданне ў далоньцы». Сёлета арганізатары прапанавалі землякам дапамагчы з набыццём навагодніх падарункаў для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія навучаюцца і выхоўваюцца ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Падапечныя ЦКРНіР — дзеці-інваліды з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Такім рабятам патрэбны асаблівая ўвага і асаблівы клопат. А яшчэ — асаблівыя ўмовы для паўнацэннай жыццядзейнасці. У тым ліку, напрыклад, безбар’ернае асяроддзе, у якім дзецям з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці (а ў ЦКРНіР займаюцца менавіта такія) прасцей жыць і перамяшчацца: спецыяльна абсталяваныя пад’язныя шляхі і пандусы, пад’ёмнікі і поручні, рэабілітацыйнае абсталяванне. Пакуль усяго гэтага ў цэнтры няма. Усім светам дапамагчы ў стварэнні такога асяроддзя — яшчэ адна — больш глабальная — мэта марафону. У магазіне «Аліса» ў дзень правядзення дабрачыннай акцыі было надзвычай шматлюдна. На невялікай ёлачцы замест шароў і гірлянд — 35 папяровых дзіцячых далонек. На кожнай — імя, узрост і просьба да Дзеда Мароза. Наогул, навагоднія мары асаблівых дзяцей аказаліся сціплымі і немудрагелістымі. Яны марылі пра ляльку, мяч, кнігу, машынку ці трактар, музычную цацку, канструктар ці пірамідку, ну і, зразумела, ласункі…
З просьбай падтрымаць акцыю, прыняць у ёй самы непасрэдны ўдзел да ляхавічан звярнуўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук. Ён жа першым зняў з імправізаванай ёлачкі далоньку. 14-гадовая Насця ў якасці навагодняга падарунка хацела бачыць цікавую кнігу. Дзмітрый Міхайлавіч вырашыў, што выдатным дадаткам да маляўнічай і змястоўнай энцыклапедыі стане яшчэ і салодкі падарунак.

Рабіць дабро — так проста.

Дарэчы, забягаючы наперад: кіраўнік раёна не абмежаваўся толькі набыццём падарунка. Ужо ў чацвер ён пабываў у Насці Ракашэвіч дома, у Русінавічах. Дзяўчынка — 8-класніца СШ №1, але з-за хваробы навучанне праходзіць у дамашніх умовах. Такая ўвага да яе, безумоўна, усхвалявала. Але трэба было бачыць, якім шчасцем свяціліся дзіцячыя вочы!
Жадаючых дапамагчы сабраць дзецям-інвалідам падарункі падчас акцыі «Жаданне ў далоньцы» знайшлося нямала. Прыклад старшыні райвыканкама перанялі яго намеснікі, многія кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, настаўнікі і медыкі, работнікі гандлю і прадпрымальнікі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і проста гараджане, якія зайшлі ў магазін выпадкова ці наўмысна. За некалькі гадзін дабрачыннай акцыі былі сабраны падарункі на суму каля 3 мільёнаў рублёў. А старшыня райпо ўручыў ЦКРНіР пыласос, вельмі неабходны для падтрымання чысціні ў пакоях для заняткаў.
Акрамя таго, арганізацыі ахвяравалі ўжо каля 5 мільёнаў рублёў на стварэнне безбар’ернага асяроддзя. Сродкі сабралі ў ЦРБ, прыватным прадпрыемстве «Дуганаў», ІП Місюк, на заводзе «Металапластмас», у 6 школах раёна, раённай арганізацыі «Белая Русь». Не выключана, што сёння спіс ужо больш доўгі. Учора ў будынку Дома Саветаў у межах дабрачыннага марафону прайшла акцыя «Залатое сэрца», 24 снежня акцыя «Рабіць дабро — так проста» пройдзе ў магазіне «Усходні», 28 снежня — у магазіне «Верас». Вы таксама можаце далучыцца да іх. Рабіць дабро на самай справе проста!
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *