В Ляховичах прошёл областной День подписчика

Прыхільнікі раёнкі разам з падпіскай атрымлівалі прызы.

«Тут падпісваюць на любімую раёнку?» — можна было пачуць у гарадскім аддзяленні сувязі, дзе праходзіў абласны Дзень падпісчыка. Гэта важны дзень для набыцця новых і захавання сувязі са старымі сябрамі — друкаванымі выданнямі. Як бы ні развіваўся інтэрнэт, якой бы папулярнасцю ні карысталіся сацыяльныя сеткі, газета заўсёды будзе ўпэўнена крочыць з людзьмі па дарогах жыцця.
За паўгадзіны акцыі на «Ляхавіцкі веснік» пажадалі падпісацца адразу 15 чалавек, яны ж першымі прынялі ўдзел у розыгрышы прызоў, якія падрыхтавала рэдакцыя. Бяспройгрышная латарэя зацікавіла многіх прыхільнікаў газеты.
У ліку першых аформілі падпіску на раённае выданне Валянціна Ракашэвіч і Марыя Колб.
— Я сябрую з раёнкай больш за 40 гадоў, — гаворыць ляхавічанка Валянціна Ракашэвіч. — Чакаю яе, як добрую знаёмую. Прыемна бачыць фота землякоў, сачыць за іх дасягненнямі.
— А я люблю знаёміцца з мясцовымі падзеямі, навінамі. Сама прыхільнік «ЛВ» і дзяцей зацікавіла, — працягвае размову Марыя Колб.
А 26-гадовая Вольга Наухацкая сцвярджае:
— А мне падабаецца ўсё — змест, афармленне! Я з нецярпеннем чакаю кожны выпуск.
«ЛВ» выпісвалі не толькі для сябе, але для дзяцей, калег, сяброў.
Усяго ж за 3 гадзіны акцыі была аформлена падпіска на 116 перыядычных выданняў. Бясспрэчным лідарам дня стаў «Ляхавіцкі веснік» — 64 экзэмпляры.
Дзень падпісчыка пацвердзіў, што добрая звычка чакаць прэсу, а потым чытаць яе ад першай да апошняй старонкі актуальна і ў час камп’ютараў і інфармацыйных тэхналогій.
А раённая газета «Ляхавіцкі веснік» шануе даўніх сяброў і заўсёды рада сваім новым чытачам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *