Сапёры не здаюцца. 2020 год – двойчы юбілейны для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Маслоўскага з вёскі Задвор’е Ляхавіцкага раёна

Баявая біяграфія нашага земляка Уладзіміра Маслоўскага пачалася адразу пасля вызвалення Ляхавіччыны ад фашысцкай акупацыі. У жніўні 1944 года 19-гадовы юнак з Задвор’я быў прызваны на службу ў толькі што створаную 2-ю армію войска польскага.

Уладзімір ваяваў геройскі, разам з аднапалчанамі вызваляў гарады разбуранай і зруйнаванай гітлераўцамі Польшчы, у тым ліку і яе сталіцу Варшаву. Удзельнічаў у важнейшых аперацыях Другой сусветнай вайны – Берлінскай і Пражскай.
Дачка ветэрана Вялікай Айчыннай Галіна Уладзіміраўна расказвае, што кожны раз было страшна і нясцерпна балюча за бацьку, калі ён расказваў, як на працягу двух тыдняў яны з саслужыўцамі былі ў нямецкім акружэнні без ежы і вады. Елі мох, паспыталі кару ўсіх лясных дрэў, зялёныя ягады, пілі балотную ваду. Хай і знясіленыя, але пасля такога выпрабавання выжылі ўсе, потым, праўда, давялося ўпершыню лячыцца ў шпіталі.
Другі раз Уладзімір Маслоў-скі трапіў туды па раненні. Усяго за некалькі дзён да пераможнага мая 1945 года ў баі пад Баўцынам фашысцкая куля ледзьве не абарвала жыццё маладога старшыны-сапёра, трапіла ў бок, прайшла навылет.
– Бацька ўспамінаў, што ён нават адразу і не зразумеў, што цяжка паранены. Толькі пасля бою мужнага салдата перавязалі санітары і адправілі ў шпіталь, – расказвае Галіна Уладзіміраўна.
Вестку, што гітлераўская Германія капітулявала і прыйшла Вялікая Перамога, Уладзімір Маслоўскі сустрэў за Эльбай. За мужнасць і гераізм у гады вайны наш зямляк узнагароджаны ордэнам Славы ІІ ступені і шматлікімі медалямі, у тым ліку польскімі. А яшчэ на яго святочным пінжаку зіхаціць не адзін дзясятак юбілейных медалёў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, да лістапада 1947 года Уладзімір Маслоўскі служыў у 1-й Варшаўскай дывізіі, чаму ёсць дакументальныя пацвярджэнні – дапамагаў у падрыхтоўцы навабранцаў.
Як жа ён спяшаўся дамоў, дзе чакалі родныя і яго каханая дзяўчына Марыя. Моцна перажываў, як яны там, бо ведаў, наколькі цяжка было ў акупацыі, на сабе адчуў, што такое гітлераўскі парадак.
Пасля дэмабілізацыі старшына вярнуўся дамоў не толькі з геройскім ваенным мінулым, але і з добрым веданнем польскай мовы.
Да яго, як да перакладчыка, прыходзілі аднавяскоўцы з просьбай перавесці тое ці іншае.
Мірнае жыццё хутка залечвала раны, нанесеныя вайной. Вось ужо амаль 67 гадоў у ладзе і згодзе жывуць Уладзімір і Марыя Маслоўскія.
– Такіх, як мой Валодзя, больш няма і не будзе. Ён добры, уважлівы, спакойны, ніколі ад яго дрэннага слова ці абразы не пачула. Клапаціўся пра мяне і дзяцей, – гаворыць жонка ветэрана. А яго дачка дадае:
– Нас дзяцей, а іх у бацькоў чацвёра – тры дачкі і сын, татачка вельмі любіў і любіць. Здаецца, ён нават злавацца не ўмее. У ім столькі душэўнасці, цяпла, і ніякая вайна не змагла гэтага ў яго адняць.
Працоўная біяграфія Ула-дзіміра Маслоўскага таксама багатая, але яго працоўная кніжка змяшчае не так шмат запісаў. З 1950 па 1960 гады быў бухгалтарам у мясцовым калгасе «Зара камунізму», а потым на працягу трох дзесяцігоддзяў шчыраваў рахункаводам-касірам у Альхоўскім сельвыканкаме. Разам з жонкай выхоўвалі дзяцей, пабудавалі дом, трымалі вялікую гаспадарку: кароў, свіней, хатнюю птушку, жылі звычайным мірным жыццём і заўжды падтрымлівалі адзін аднаго.
На вуліцу Рачную ў дом № 4, дзе жыве ветэран, часта прыходзілі школьнікі, і ён, не шкадуючы часу, расказваў ім пра баявое мінулае, таварышаў-аднапалчан, пра тое, як заваёўваўся мір, і як важна не дапусціць вайны.
Гады бяруць сваё, здароўе ўжо далёка не тое. Уладзімір Маслоўскі зараз моцна хварэе, але ўсё ж пакуль яму ўдаецца змагацца з хваробай і жыць насуперак усяму. Напэўна, надаюць сілы ветэрану клопат і падтрымка родных. Да састарэлых бацькоў пераехалі дочкі Галіна і Святлана, часта наведваецца і сын Аркадзій, не забываюць
дзядулю і прадзядулю чацвёра ўнукаў і дзевяць праўнукаў, якія ведаюць: іх дзядуля Валодзя – герой.
2 лютага наш зямляк Уладзімір Маслоўскі адзначыў шыкоўны юбілей – 95 гадоў. Былі віншаванні і пажаданні ад блізкіх, знаёмых, раённай ветэранскай арганізацыі, Альхоўскага сельвыканкама, землякоў. І побач з галоўным пажаданнем – здароўя і доўгіх гадоў жыцця – гучала: разам сустрэць семдзесят пяты мірны дзень мая.

З аўтабіяграфіі Уладзіміра Маслоўскага:
«Тады з Ляхавіччыны пайшлі служыць шмат землякоў-равеснікаў. Разам са мной былі Пётр Болтуць, Станіслаў Казакевіч, Казімір Патаповіч, Іван Брэчка. Некалькі тыдняў мяне вучылі сапёрскай справе і адправілі на фронт у 20-ы асобны батальён 9-й пяхотнай дывізіі 4-й сапёрнай брыгады».

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва «ЛВ» і Уладзіміра МАСЛОЎСКАГА.