Парыбачыў… Высвятляюцца абставіны смерці жыхара Зубелевічаў

Выкарыстана ілюстрацыя

Раніцай 11 лютага жыхар Зубелевічаў, 1982 года нараджэння, адправіўся на веласіпедзе на рыбалку. Калі вечарам ён так і не вярнуўся дамоў, яго брат забіў трывогу, разам з іншымі сваякамі кінуліся на пошукі. Прапаўшага знайшлі толькі на наступную раніцу і патэлефанавалі ў РАУС. Прыбыўшыя на месца здарэння міліцыянеры ўстанавілі, што недалёка ад зубелевіцкай фермы ў вадзе ў пяці метрах ад берага знаходзіцца цела чалавека без прыкмет жыцця. Па даным факце праводзіцца праверка, высвятляюцца абставіны смерці чалавека.

Старшыня раённай арганізацыі АСВОДа Віктар Прыхач нагадаў, што рыбакі, якія і зімой не забываюць пра сваё захапленне, павінны быць асцярожнымі і ўважлівымі, не выходзіць на небяспечны крохкі і тонкі лёд. Напрыклад, цяпер ён дасягае таўшчыні ўсяго 1-1,5 сантыметра, і выхад на яго недапушчальны! За такую бесклапотнасць можна развітацца з самым галоўным багаццем – жыццём.


Дарэчы, як расказаў Віктар Прыхач, у мінулы аўторак рэйдавая група ў складзе работнікаў АСВОДа і супрацоўнікаў РАНС пабывала на некаторых папулярных азёрах і вадасховішчах Ляхавіцкага раёна – у Коньках, Залужжы, Нетчыне, Ляхавічах. Рыбакоў было хоць і нямнога, але кожнага з іх папярэдзілі пра небяспеку выхаду на лёд. Але ніякія ўгаворы і нагадванні не будуць мець сэнс, пакуль чалавек не ўсвядоміць – яго бяспека ў яго руках.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.