«Ляхавічок»авая тэрапія. Мадэрнізацыя СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» працягваецца ўжо каля двух дзясяткаў гадоў. Прадпрыемства тады і цяпер — дзве вялікія розніцы /фото/

Дырэктар СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаслаў Жукоўскі.

Рашэнню, а пасля і дзеянням па мадэрнізацыі СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» ужо каля двух дзясяткаў гадоў. Працэс стаў і працягвае быць перманентным, калі кожны наступны адрэзак часу характарызуецца хоць нейкай ды навізной. Укараненнем больш дасканалых тэхналогій, пускам у дзеянне новага абсталявання, пашырэннем асартыменту выпускаемай прадукцыі, выхадам на перадавыя маркетынгавыя схемы, асваеннем дадатковых рынкаў і г.д.  У тым заключаецца і доўгатэрміновая стратэгія прадпрыемства, і яго тактыка. Пра гэта, аднак з папраўкай на перспектыву, разважае дырэктар завода Вячаслаў Жукоўскі:
— Папярэдні і асабліва год бягучы праходзяць пад знакам пераўтварэння ў сферы матэрыяльнай вытворчасці. Усе намаганні накіраваны на мадэрнізацыю, эканомію і беражлівасць. Сёння гэтыя паняцці неразрыўна звязаны.
Наша прадпрыемства займаецца гэтым на працягу доўгага часу. Для прыкладу, сёння знос асноўных фондаў завода складае 33-34 працэнты. Маем дастаткова высокі ўзровень аўтаматызацыі вытворчага працэсу, што асабліва важна для прадпрыемства, дзе працуюць у асноўным жанчыны. Дзякуючы іменна высокаму ўзроўню аўтаматызацыі і механізацыі, у нас за апошнія гады заметна знізілася доля ручной працы. На вытворчасць прыйшло сучаснае абсталяванне, якое, у тым ліку, значна аблягчае працу чалавека. Разам з тым узрастаюць патрабаванні да ўзроўню прафесійнай адукацыі нашых работнікаў. Патрабуюцца граматныя і прафесійна падрыхтаваныя рабочыя, абслуговы персанал, здольны працаваць на такой вытворчасці. Інакш мадэрнізацыя «выльецца» ў кучу металу. Сучаснае абсталяванне плюс кваліфікаваныя кадры — у такім выглядзе бачу для сябе формулу мадэрнізацыі.

Галоўны інжынер Аляксандр Клапаток, галоўны эканаміст Таццяна Бушэйка, начальнік вытворчасці Людміла Скараход.

У гэтым плане мы робім стаўку на моладзь, на спецыялістаў, падрыхтаваных для працы на высокатэхналагічным абсталяванні — як правіла, выпускнікоў навучальных устаноў, якія рыхтуюць спецыялістаў для малочнай прамысловасці. На сённяшні дзень іх адукацыйны ўзровень дастаткова высокі. У некаторых выпадках у нас нават на месцах рабочых працуюць людзі з вышэйшай адукацыяй. Пры гэтым на прадпрыемстве наладжана сістэма прафесійна-тэхнічнай вучобы і павышэння кваліфікацыі. Поспех — у пастаянным развіцці.
Канешне, канчатковым вынікам мадэрнізацыі з’яўляецца магчымасць выпускаць якасную прадукцыю, якая б задавальняла запыты пакупнікоў і па смакавых характарыстыках, і па цэнавым фактары. Вытворчыя выдаткі і магазінны кошт прадукцыі знаходзяцца ў непасрэднай залежнасці. Чым яны меншыя, тым больш спажывецкі прывабным з’яўляецца тавар, можа з большай паспяховасцю канкурыраваць з прадукцыяй падобных прадпрыемстваў. Канкурэнцыя апошнім часам заметна ўзрасла. У тым ліку, і ў сувязі з уступленнем Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Рынак значна лібералізаваўся, «лінуў» паток імпарту з далёкага замежжа, краін СНД, беларускія вытворцы актывізаваліся. Відавочна, што паспяхова гандляваць зможа той, хто мадэрнізацыяй займаецца не час ад часу, а пастаянна — з мэтай удасканалення вытворчасці і павышэння якасці сваёй прадукцыі.

Апаратчык Алена Стругава, зменны майстар Таісія Кулік.

Якасць прадукцыі Ляхавіцкага малочнага завода — факт, прызнаны даўно, шмат дзе і шмат кім. Пра прызнанне ляхавіцкай малочнай маркі спецыялістамі гаворыць хоць бы «россып» дыпломаў з розных высокіх конкурсаў, дзе прадукцыя пад маркай «Ляхавічок» удзельнічала і станавілася лепшай ці адной з лепшых. Напрыклад, па выніках работы ў 2011 годзе прадпрыемства выйшла лаўрэатам прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. Напрыклад, па выніках работы ў 2011 годзе прадпрыемства стала лаўрэатам прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. Конкурс гэты праводзіцца кожны год. Сярод малочных прадпрыемстваў прымалі ўдзел Ваўкавыскі ”Беллакт”, Баранавіцкі малочны камбінат, ”Ляхавіцкі малочны завод”. Лаўрэатамі прэміі сталі — Ваўкавыскі ”Беллакт”, СААТ ”Ляхавіцкі малочны завод”. Лаўрэаты прэміі маюць права пацвердзіць гэта званне па заканчэнні пяці гадоў з дня яго прысуджэння. На працягу пяці гадоў прадпрыемства мае права ў маркіроўцы тавараў, дакументаў, рэкламе выкарыстоўваюць выяву эмблемы.
І ў мінулым годзе завод традыцыйна прыняў удзел у рэспубліканскім конкурсе «Лепшая прадукцыя года». З 5 заяўленых на разгляд найменняў ляхавіцкай прадукцыі прызнанне атрымалі 4: малако паўтарапрацэнтнай тлустасці з кальцыем, масла «Ляхавіцкае», маса тварожная ў асартыменце і крэм тварожны ўзбіты ў асартыменце. Значыцца «Ляхавічок» і сярод удзельнікаў конкурсу ”Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь у 2012 годзе”. Канчатковага раскладу пакуль няма, аднак, першы этап адбору прадукцыя завода паспяхова пераадолела і значыцца сярод вельмі нешматлікіх фіналістаў. Далей — слова за прафесіянальным журы.
Крытэрыем жа спажывецкай якасці прадукцыі ляхавіцкай «малочкі» можа служыць яе высокая запатрабаванасць, папулярнасць сярод жыхароў раёна, вобласці, краіны і не толькі. Тэст на запатрабаванасць, што ў нашым выпадку ёсць сінонім слова ”якасць”, прадукцыя завода праходзіць штодзённа, бесперапынна. У гіпер- і супермаркетах вядомых гандлёвых сетак, так званых магазінах крокавай даступнасці, сельскіх гандлёвых кропках раёна, канешне ж, фірменным «Верасе». Параўнальна невялікі, аднак, утульна-эстэтычны, сучасна абсталяваны магазін, здаецца, не пустуе ніколі. У нядаўнія навагодне-калядныя дні «Верас» паспытаў сапраўдны аншлаг: «атаварыцца» менавіта ў «Верасе» жадалі вельмі многія. І не толькі жыхары райцэнтра. У чым сіла прыцягнення? Таварны асартымент, «адэкватнасць» цэн, сэрвіс, антураж і іншыя звычайныя, але пакуль яшчэ не паўсюдныя ў нас рэчы і катэгорыі «клічуць» пакупнікоў у гэты фірменны магазін.

Алена Козел занята на вытворчасці казеіну.

Мадэрнізацыя не дзеля таго, каб трапіць у «трэнд». Высокая якасць, нізкая энерга- і матэрыялаёмістаць прадукцыі, максімальная аўтаматызацыя вытворчага працэсу і, як вынік, магчымасць канкурыраваць на рынку адкрытым тэкстам «чытаюцца» ў мадэрнавых дзеяннях Ляхавіцкага малочнага. Не ўдакладняючы, што і ў якіх аб’ёмах выканана — падрабязнасці такога кшталту «зачэпяць» далёка не кожнага чытача-спажыўца, — адзначым, што толькі ў мінулым годзе на тэхнічнае пераўзбраенне зрасходавана каля 7 мільярдаў уласных рублёў. «Любыя ўкладанні маюць у нас дакладнае эканамічнае абгрунтаванне. Зыходзім з прынцыпу, што любы інвестпраект павінен акупіцца не пазней як праз тры гады. Напрыклад, з укладзеных летась 7 мільярдаў 2,3 «вярнуліся» ўжо назад, у кашалёк завода», — словамі галоўнага эканаміста Таццяны Бушэйка хочацца завяршыць «экскурсію» на Ляхавіцкі малочны.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На лініі фасоўкі і ўпакоўкі масла: маслароб Святлана Шэнец і наладчык Яўгеній Белаус.

Аператар Алена Занько, прыёмшчыца малака Вікторыя Гізун.

Лабарант Таццяна Жэрка: пробная кропля.

За работай мікрабіёлаг Іна Якубоўская.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *