Шпакі, прылятайце! Маладзёжны парламент далучыўся да месячніка добраўпарадкавання

У мінулую сераду члены прэзідыума маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў на дрэвах у гарадскім парку адпачынку размясцілі 15 шпакоўняў. Чарговая кропка на маршруце вясенняга абнаўлення –  прыгожы штрых у пейзажы любімых Ляхавіч.

Гарадскі парк адпачынку, які цяпер знаходзіцца на балансе камунгаса, пераўтвараецца на вачах. Пляцоўкі з трэнажорамі даўно палюбіліся ляхавічанам: там бавяць час і дарослыя, і дзеці. Арэлі таксама не пустуюць. А зімой камунальнікі здзівілі светлавым афармленнем танцавальнай пляцоўкі. Дарэчы, нярэдка менавіта ў цікавых дызайнерскіх рашэннях можна ўбачыць сэлфі жыхароў і гасцей горада.

А з мінулага панядзелка ўнікальная фішка Ляхавіччыны – крэатыўныя шпакоўні – прапісалася і па гэтым адрасе па вуліцы Дзесюкевіча. 15 шпакоўняў утульна размясціліся на дрэвах парка адпачынку і ўжо чакаюць сваіх навасельцаў. А «падрадчыкамі» такой ініцыятывы сталі члены прэзідыума Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў.
– У Год малой радзімы, у месячнік добраўпарадкавання такія справы набываюць асаблівы сэнс. І на душы становіцца па-асабліваму цёпла, калі разумееш, што зрабіў штосьці добрае для сваёй Ляхавіччыны. Далучайцеся, гэта здорава, – адзначае член прэзідыума маладзёжнага парламента Іван Чайкоўскі.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.