З удзячнасцю да медыкаў. Да рэспубліканскага марафону «#ДзякуйМедыкам»далучыліся і ляхавіцкія бээрэсэмаўцы

Да рэспубліканскага марафону «#ДзякуйМедыкам», ініцыяванага Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі сумесна з РУП «Белпошта», з энтузіязмам далучыўся  і Ляхавіцкі райкам  БРСМ. Тры дзясяткі паштовак днямі дастаўлены адрасатам ва ўсе ўстановы аховы здароўя нашага раёна.

Сярод медыкаў на Ляхавіччыне нямала і членаў БРСМ, прычым актыўных і ініцыятыўных. У мінулы аўторак урачу-педыятру паліклінікі Вользе Грыцкевіч, загадчыку аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Андрэю Пуцілаву, урачу выязной брыгады Вікторыі Каротчыкавай, старшаму фельчару хуткай дапамогі Віктару Коктышу і фельчару Алене Усік прама на працоўным месцы ўручылі «ўдзячныя» паштоўкі супрацоўнікі райкама БРСМ.

– Вельмі прыемна, што пра нас памятаюць, падтрымліваюць. Клопат – заўжды цудоўна. Асабліва гэта важна ўсведамляць, калі і сам стараешся выкладвацца да апошняга, каб дапамагчы іншым. Дзякуй за добрую справу, – адзначае Віктар Коктыш.

Марафон удзячнасці прадаўжаецца. Падтрымаць медыкаў можа кожны жадаючы. Тым, хто на перадавой, зараз важна не толькі дапамога ў выглядзе масак, сродкаў дэзынфекцыі, бахілаў і касцюмаў, але і кожнае добрае слова.

Марыя ЛУТАВІНАВА, першы сакратар  РК ГА БРСМ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.