Яшчэ адзін крок да мары. Работа гімназічнага прэс-цэнтра «Дзянніца» прызнана лепшай на Брэстчыне

Кожны дзень нашай юнай зямлячкі дзевяцікласніцы гімназіі Анастасіі Шкут насычаны на падзеі. Актыўная, мэтанакіраваная дзяўчына імкнецца пастаянна спрабаваць сябе ў нечым новым, развіваць свае здольнасці, у тым ліку і творчыя. Яна з задавальненнем удзельнічае ў розных конкурсах, прычым часта становіцца ў іх лепшай. Нядаўна Анастасію ўшаноўвалі як пераможцу абласнога этапу конкурсу «Лідар 2020». Работа гімназічнага прэс-цэнтра «Дзянніца» прызнана лепшай на Брэстчыне, а відэаролік «Адзін дзень з жыцця лідара» з Анастасіяй Шкут у галоўнай ролі заняў ганаровае трэцяе месца.

На мінулым тыдні падведзены вынікі рэспубліканскага этапу анлайн-конкурсу. Адной з пераможцаў у намінацыі «перспектыўны журналіст» стала таксама Насця.
Наша юная зямлячка ўзнагароджана дыпломам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Гімназія «засвяцілася» ў фінале двойчы: з сацыяльна значным праектам па арганізацыі работы прэс-цэнтра «Дзянні-ца», які арыентаваны на дадатковую адукацыю рабят, каму падабаюцца журналісцкія прафесіі, і самапрэзентацыяй Анастасіі Шкут «Я і маё аб’яднанне».
– Вельмі ганарымся перамогай, тым больш, што такога поспеху дасягнуў толькі адзін прадстаўнік Брэстчыны. Да фіналу рыхтаваліся талакой, вельмі стараліся. Што тычыцца нашай Насці, то яна малайчына, імкнецца рэалізаваць сябе ў многіх пачынаннях, – адзначае намеснік дырэктара гімназіі Аксана Гатоўчыц.
Сама дзяўчынка вельмі радуецца перамозе, лічыць яе пацвярджэннем таго, што зрабіла правільны выбар на карысць будучай прафесіі. Ёсць у дзяўчыны мара, да спраўджвання якой яна імкнецца крок за крокам. Яе жаданне стаць прафесіянальным журналістам не спантаннае, а прадуманае, выверанае і адпавядае дапытліваму характару дзяўчыны.
– Паспрабавала сябе ў нашай гімназічнай «Дзянніцы», журналістыка мяне захапіла. Хочацца даведвацца пра ўсё як мага больш. Бачу сябе, напрыклад, радыёвядучай, але пісаць мне таксама падабаецца, – расказвае Анастасія Шкут.
Насця – натура творчая, разнапланавая. Сёлета яна не толькі выпускніца базавай школы, але і дзіцячай школы мастацтваў. Сем гадоў займалася па класе фартэпіяна пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Уладзіміра Піваварчука. З не меншым інтарэсам спяшаецца і на рэпетыцыі вакальнай групы «Ілюзія» (мастацкі кіраўнік Віктар Бародка). А яшчэ ўваходзіць у савет старшакласнікаў гімназіі.
Не толькі ў гімназіі кожны дзень Насці распісаны, лічы, па хвілінах, дома клопатаў таксама хапае. Яна з задавальненнем дапамагае бацькам і займаецца са сваімі малодшымі сястрычкамі Вікай і Жэнькай.

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва гімназіі.