Праца дарэчна, калі бяспечна. На пытанні чытачоў «ЛВ» адказваў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама

Дзесяць гадоў запар у першай палове чэрвеня на Ляхавіччыне праводзіўся раённы Дзень аховы працы. Так бы і далей, калі б не каранавірусны форс-мажор, з прычыны чаго сёлетняе мерапрыемства было пастаўлена на паўзу. Хоць папярэдне і ў сваім традыцыйным фармаце рыхтавалася: меўся дэталёвы план, прысутнічалі яснасці з датай і адносна выбару арганізацый-пляцовак. У якасці адной з такіх «Ляхавіцкі веснік», канешне ж, не разглядаўся. Але стаў – калі гаварыць пра гэта з істотнай доляй дапушчэння і мець на ўвазе факт правядзення выданнем тэматычнай прамой лініі.

– Добры дзень, Мікалай Уладзіміравіч. Мяне завуць Алег, пражываю ў райцэнтры. Хачу спытаць: у чым або наколькі рознымі з’яўляюцца паняцці «ахова працы» і «тэхніка бяспекі» на вытворчасці?

– Паміж імі нямала агульнага. І АП, і ТБ стаяць на аднолькавай аснове – праяўленні клопату аб захаванні жыцця і здароўя чалавека ў працэсе выканання ім працоўных абавязкаў. Але, калі тэхніка бяспекі – усяго толькі звод правілаў, якіх неабходна прытрымлівацца ў працэсе выканання таго ці іншага віду работ, то ахова працы – паняцце куды больш комплекснае і шырокае. Нацэлена не толькі на бяспечнае выкананне вытворчых аперацый, але і рэгламентуе правы, нормы, прынцыпы медыцынскага, сацыяльнага, страхавога забеспячэння чалавека працы. Азначэнне «тэхніка бяспекі» апошнім часам ужываецца ўсё менш, ахопліваецца аховай працы і з’яўляецца адной з яе канцэнтраваных частак.

Пытанне ад «ЛВ»:
– На работу мы ідзём за заробкам, калі яна па душы –
яшчэ і за прызнаннем свайго прафесійнага прызвання. Але ніяк не за стратай здароўя ў выніку, напрыклад, атрымання на працоўным месцы траўмы. Больш мяккай ці наадварот становіцца з часам статыстыка з няшчаснымі выпадкамі ў арганізацыях раёна?

– На жаль, няшчасных выпадкаў на вытворчасці менш не становіцца. Калі летась на працягу ўсяго года ў арганізацыях і на прадпрыемствах Ляхавіччыны было зарэгістравана чатыры няшчасныя выпадкі, то сёлета іх шэсць. Апошні, хацелася б, каб ён сапраўды стаў такім, выпадак датаваны трэцім днём лета. Здарыўся на ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». Расследаванне пакуль не завершана, але з дастатковай верагоднасцю можна меркаваць, што медыкамі выпадак будзе трактаваны як цяжкі. Акрамя названага, спіс прадпрыемстваў, дзе ў 2020 годзе мелі месца ня-шчасныя здарэнні на вытворчасці, дапоўнілі ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», КСУП «Ліпнянка», двойчы ААТ «Жарабковічы» і фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс». З чатырох мінулагодніх няшчасных здарэнняў у катэгорыю цяжкіх трапілі тры. Сёлета такім прызнаны адзін, а па тухавіцкім кропка пакуль не пастаўлена. У большасці пералічаных няшчасных выпадкаў віна наймальнікаў не ўстаноўлена.
Што назіраецца ў вобласці? Па аператыўных даных, за студзень-май 2020 года ў арганізацыях Брэстчыны адбылося 16 няшчасных выпадкаў на вытворчасці са смяротным і 52 – з цяжкім зыходам. За аналагічны перыяд летась такіх было пяць і 44 адпаведна.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Хто хоць неяк у тэме нашай сённяшняй гутаркі, ведае пра існаванне раённай мабільнай групы. Якім складам прадстаўлена, што ўяўляе, якія задачы і мэты лічыць сваімі?

– Раённую мабільную групу ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран. Ён жа, дарэчы, курыруе і ўсю звязаную з аховай працы работу ў раёне. Начальнік нашага ўпраўлення Дзіяна Трысцень – намеснік кіраўніка мабгрупы, я з’яўляюся сакратаром. У склад уваходзяць таксама прадстаўнікі РАУС, РАНС, прафсаюза, райЦГіЭ, інспектар Баранавіцкага міжрайаддзела
Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы. Задачай групы з’яўляецца аказанне практычнай і тэарэтычнай дапамогі ў пытаннях поўнага і безумоўнага выканання на аб’ектах заканадаўства аб ахове працы. Мэты выявіць парушэнне і прыцягнуць «аўтара» да адказнасці няма. Галоўнае – прафілактыка, работа на апярэджанне. Але з фактамі невыканання правілаў АП даводзіцца сутыкацца пастаянна, ці не падчас кожнага інспекцыйнага рэйда. Драўляныя калодкі замест спецыяльных козлаў пры дэмантажы-мантажы колаў аўтамабіляў і трактароў, невыкарыстанне супрацьадкатных упораў у працэсе рамонту трактароў, драбіны, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі. Усё патрэбнае, як правіла, ёсць, але не выкарыстоўваецца. Несвоечасова праводзяцца навучанне і праверка ведаў работнікаў, занятых на падрадах з павышанай небяспекай, ёсць недакладнасці з афармленнем і вядзеннем дакументацыі – спіс парушэнняў, з якімі даводзіцца сустракацца найчасцей.

– Я Юлія, пражываю ў адным з аграгарадкоў раёна. Ці мае права кіраўніцтва сельгасарганізацыі абавязаць механізатара без яго згоды выконваць работы, звязаныя з унясеннем ядахімікатаў?

– У адпаведнасці з працоўным дагаворам (кантрактам), трактарыст-машыніст не можа адмовіцца ад даручанай наймальнікам работы. Аднак, сітуацыя з ядахімікатамі асаблівая. Механізатар абавязаны прайсці медыцынскі агляд на допуск да работы з імі, гігіенічнае навучанне і праверку ведаў. Да пачатку выканання работ ён павінен быць забяспечаны ўсімі неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны. Калі хоць адна з умоў не будзе выканана, работнік на падставе артыкула 11 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы» мае права ад работы адмовіцца. Адмову неабходна падаць у пісьмовай форме з указаннем прычыны свайго рашэння.

– Вольга, жыву ў Ляхавічах, працую ў бюджэтнай арганізацыі. Скажыце, калі ласка, ці абавязаны ў цяперашняй эпідсітуацыі наймальнік забяспечваць работнікаў дадатковымі сродкамі індывідуальнай абароны (медыцынскія маскі, антысептык)?

– Рашэннем райвыканкама ад 9 красавіка распрацаваны і зацверджаны комплексны план па мінімізацыі рызыкі завозу і распаўсюджання інфекцыі COVID-19 у Ляхавіцкім раёне. Даным рашэннем выкананне мерапрыемстваў плана ўскладзена на кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. У тым ліку і, што тычыцца забеспячэння работнікаў сродкамі дэзынфекцыі, антысептыкам.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Як правільна аформіць выдачу работніку сродкаў індывідуальнай абароны звыш устаноўленай нормы?

– Працягвае дзейнічаць інструкцыя 2008 года, згодна з якой наймальнік абавязаны выдаць работніку поўны набор СІА, прадугледжаны тыпавымі нормамі для канкрэтнай прафесіі. Акрамя таго, зыходзячы з асаблівасцяў вытворчасці, характару і ўмоў працы па ўзгадненні з прафсаюзамі або ўпаўнаважанымі асобамі па АП, работнік можа атрымаць спецадзенне звыш устаноўленай нормы.

– Мікалай Андрэевіч, званю з Ляхавіч. Ці вызначаны тэрміны, у якія наймальнік абавязаны зарэгістраваць прыняты калектыўны дагавор?

– Тэрмін, на працягу якога наймальнік павінен падаць да-кументы ў выканаўчы або распарадчы орган для рэгістрацыі калек-тыўнага дагавора, заканадаўча не ўстаноўлены. Таму яго мэтазгодна прапісаць у калдагаворы. Як разу-мееце, незарэгістраваны дагавор дакументам не з’яўляецца і не мае ніякай юрыдычнай сілы. У якасці рэкамендацыі: мы за тое, каб даты прыняцця і рэгістрацыі калдагавора адрозніваліся не больш, чым на месяц.

– Валянціна Васільеўна патэлефанавала. Інтарэс такі: як паступіць, калі прыняты ў арганізацыі калектыўны дагавор у адным са сваіх пунктаў пагаршае адпаведнае патрабаванне Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь?

– На ваша пытанне адзначу, што калдагавор можа быць заключаны на тэрмін ад года да трох. Рэгістрацыю ажыццяўляе ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Гэта агульныя звесткі. Што тычыцца канкрэтыкі пытання, адказ такі: артыкул 362 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначае, што ўмовы калектыўнага дагавора, якія пагаршаюць становішча работнікаў у параўнанні з нормамі заканадаўства, з’яўляюцца несапраўднымі і не дзейнічаюць. Такая «папера» рэгістрацыю не пройдзе – давядзецца ўносіць змяненні.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Які алгарытм, схема навучання работніка, толькі што прынятага на работу з павышанай небяспекай?

– Сярод такіх – вадзіцелі аўто, трактарысты, вартаўнікі, страхары, вальшчыкі лесу, лесарубы і прадстаўнікі шэрага іншых, у адпаведнасці з пералікам, прафесій. З моманту прыняцця на працу з чалавекам праводзіцца вытворчае навучанне па праграме аб’ёмам не менш за 20 гадзін. Адначасова з курсам тэорыі ён не менш за два дні праходзіць стажыроўку пад кіраўніцтвам назначанага прыказам спецыяліста. Толькі пасля стажыроўкі, навучання бяспечным прыёмам і метадам працы, праверкі ведання правілаў АП работнік дапускаецца да самастойнай працы. Шлях да гэтага займае 3-4 дні.

– Дзякуй за адказы, Мікалай Уладзіміравіч!

На прамой лініі працаваў Іван КАВАЛЕНКА.