Культурныя людзі.Рэтрафотатэка «Ляхавіцкага весніка»

Гэта сёння яны паспяхова выкарыстоўваюць сучасную музычную апаратуру. Мікрафонам, напрыклад, артыстаў цяпер не здзівіш, для некаторых звычайным стаў прафесійны запіс у гукастудыі. Аднак, былі часы, калі ў суправаджэнні баяна, акардэона, гітары ці балалайкі работнікі сельскіх і гарадскіх устаноў культуры пад апладысменты дарылі песні на палявым стане, у вытворчых майстэрнях, на прахадной завода. Прычым, які толькі транспарт ні выкарыстоўвалі – ад грузавога аўтамабіля да воза. Калі пашчасціць, то невялічкі аўтобус, куды дзіўным чынам умяшчаліся і людзі, і музычныя інструменты. А якія суперканцэрты ладзіліся для землякоў падчас разнастайных раённых святаў. Выступленні – толькі частка штодзённай руплівай культурнай работы.

Беражліва, з пашанай збіраліся калыханкі, прывітальныя песні, беларускія народныя традыцыі і звычаі, касцюмы ляхавіцкага строю, прадметы быту нашых продкаў – усё, што называецца фальклорам. І цяпер гэта бясцэнная спадчына ёсць у сённяшніх пакаленняў і, напэўна, застанецца для будучых.

А вы памятаеце, з якім аншлагам і размахам прайшоў у нашым раёне першы конкурс прыгажосці «Міс ляхавічанка»? Што ні выстава таленавітых мастакоў – абавязкова фурор. А як ігралі і іграюць духавыя аркестры – сэрца замірае!

Напэўна, многія землякі засталі той час, калі каля кінатэатра «Кастрычнік» былі чэргі, і тыя, каму не пашанцавала набыць чаканы білет, «палявалі» за лішнім. Па ўсім раёне, дзе не было сваіх кінаўстановак, ездзіў кінамеханік з вялікімі бабінамі. Як жа яго чакалі вяскоўцы: выбіралі прасторную хату, вывешвалі экран – і, калі ласка, перажывайце за імкліва развіваючыміся падзеямі індыйскага кіно.

Пра папулярнасць бібліятэк, увогуле, размова асаблівая, яны былі меккай для чытача.

Немалаважны накірунак дзейнасці – работа з дзецьмі. Гурткі па вязанні, вышыўцы, ткацтве, спевах былі запоўнены юнымі вяскоўцамі і гараджанамі. Так зацікавіць маглі толькі творчыя, апантаныя людзі. Менавіта такімі былі і ёсць культработнікі.

Як загараліся таленавітыя зорачкі, расказвае сённяшняя рэтрафотатэка «ЛВ».