Ад вады да бяды адзін крок

Выратаванне ад летняй спёкі многія шукаюць на пляжах. Аднак, купанне ў вадаёме – гэта не толькі адпачынак, але і патэнцыяльная небяспека. Няшчасце пры купанні можа здарыцца практычна з кожным, але больш за ўсё ў зону рызыкі трапляюць дзеці, людзі ў стане алкагольнага ап’янення, a таксама занадта самаўпэўненыя плаўцы, якія не выконваюць правілы паводзінаў на вадзе. Каб адпачынак не ператварыўся ў трагедыю, ляхавіцкія акваторыі – у зоне асаблівай увагі Асвода, супрацоўнікаў міліцыі і выратавальнікаў.

За мінулы перыяд 2020 года ў раёне вада забрала жыццё аднаго чалавека. Трагедыя здарылася на вадаёме каля вёскі Зубелевічы. Загінуў рыбак. Як адзначае старшыня раённага савета Асвода Віктар Прыхач, парушэнне мер бяспекі пры рыбнай лоўлі – адна з прычын, па якіх адбываюцца няшчасныя выпадкі.

Прафілактычную работу супрацоўнікі розных службаў і Асвода пачынаюць задоўга да пачатку купальнага сезона. Падчас рэйдаў правяраюцца неахоўныя водныя аб’екты, напрыклад, меліярацыйныя каналы, пажарныя вадаёмы, дамбы і шлюзы, іншыя месцы, забароненыя для купання. Каб папярэдзіць купальшчыкаў пра небяс-пеку, тут павінны быць размешчаны папераджальныя знакі і шчыты.

Дарэчы, у раёне 23 вадаёмы, на трох створаны выратавальныя пасты.
За парадкам і бяспекай на гарадскім пляжы на рацэ Ведзьма сочаць супрацоўнікі Асвода, на двух іншых створаны часовыя пасты, на якіх дзяжураць выратавальнікі з розных арганізацый, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку.

Супрацоўнікі Асвода нагадваюць, што купацца варта ў спецыяльна адведзеных месцах, пры гэтым не заплываць за буйкі. Не прыгаць у ваду ў незнаёмых месцах, а таксама з лодак, прычалаў і іншых збудаванняў, якія для гэтага не прыстасаваны.

Надзіманыя матрацы, камізэлькі і кругі – выдатная падтрымка для тых, хто не ўмее плаваць ці робіць гэта няўпэўнена.

Але, заручыўшыся падтрымкай надзіманага круга або матраца, многія губляюць пільнасць і заплываюць на глыбіню, забываючыся, што ён можа пракалоцца або перакуліцца.

Да ўваходу ў ваду таксама трэба падрыхтавацца. Колькі разоў на пляжы назіралася карціна: купальшчык скідае вопратку і хутка нырае ў ваду. Так, па словах Віктара Прыхача, рабіць катэгарычна забаронена:

– У ваду трэба заходзіць паступова, каб арганізм здолеў адаптавацца да перападу тэмператур. Калі вы прымалі сонечныя ванны, разгарачаны рухомымі гульнямі або плотна паабедалі, з купаннем таксама трэба пачакаць.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.