Калі ласка, у каманду. Выпускніца медуніверсітэта па накіраванні прыехала на Ляхавіччыну

Праверка – лепш і не прыдумаеш. Менавіта так, адразу
па-даросламу і сур’ёзна, медыцына вырашыла экзаменаваць на практыцы ўрача-інтэрна раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольгу Палюховіч.

Мінулым летам выпускніца Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па накіраванні прыехала на Ляхавіччыну, дакладней, у райЦГіЭ. Першыя паўгода Вольга засвойвала майстэрства гігіеніста. А які настаўнік-куратар у яе быў: сапраўдны прафесіянал Валянцін Скарына. З лютага гэтага года Вольга пачала «шліфаваць» навыкі эпідэміёлага. Цяпер яе галоўны дарадчык – вопытны Васілій Скараход.

– Ніколі не думала, што на першым годзе работы атрымаю такі каласальны вопыт, маю на ўвазе напружаную эпідсітуацыю з пандэміяй каранавіруса. Кіраўніцтва строга размежавала зону адказнасці і абавязкі кожнага. У нас ні аднаго дня не было панікі – усё зладжана, дакладна і змястоўна. Усе падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць. Калі трэба, можам застацца і пасля рабочага часу, – дзеліцца Вольга Палюховіч.

Цікава, што яшчэ да дзявятага класа дзяўчынка са Століншчыны марыла стаць перакладчыкам, але потым захапленне хіміяй і біялогіяй перамагло. Тым больш, ёсць з каго браць прыклад: мама працуе медсястрой. Менавіта ад мамы Вользе перадалася і любоў да творчасці – бісерапляцення, вышыўкі. А яшчэ яна прыхільніца здаровага ладу жыцця, у прыватнасці фітнесу, шмат займаецца індывідуальна, у вольны час сябруе з кнігай. На пытанне, ці не шкадуе пра колішні медыцынскі выбар, урач-інтэрн адказвае без роздуму:

– Абсалютна не шкадую. Гэта маё і па прызванні, і па стане душы. Тым больш, тут такі цудоўны калектыў, адным словам – каманда!
Паклапаціліся і пра бытавыя зручнасці маладога спецыяліста: Вольга жыве ў двухпакаёвай арандаванай кватэры ў доме № 56 па вуліцы Леніна ў райцэнтры.

– Вольга Аляксандраўна працуе ў нас год, спрабуе сябе ў розных накірунках, але ў сувязі са склаўшайся эпідсітуацыяй непасрэдна цяпер займаецца эпідрасследаваннем выпадкаў каранавіруснай інфекцыі. Яна малайчына, не цураецца вучыцца. Да таго ж адказная, мэтанакіраваная, ініцыятыўная. Упэўнены, з яе атрымаецца выдатны ўрач, – характарызуе калегу галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.

Заўтра супрацоўнікі райЦГіЭ адзначаць сваё прафесійнае свята. «ЛВ» зычыць вам моцнага здароўя, невычарпальнай энергіі, новых здабыткаў і здзяйсненняў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.