Прыгожы погляд сямейнай дынастыі. Працоўны стаж ў сельскай гаспадарцы Людмілы Чарапавіцкай з ААТ «Нача» Ляхавіцкага раёна – больш за чатыры дзесяцігоддзі

Мая сіла і мая пяшчота ў маёй сям’і. Для жыхаркі аграгарадка Нача Людмілы Чарапавіцкай у гэтых словах закладзены вялікі сэнс. А выраз «жанчына можа ўсё» адносна нашай гераіні тычыцца  не толькі сям’і, а яшчэ і работы

Каб у сям’і быў добраўпарадкаваны дом, калісьці яна зрабіла кардынальны прафесійны віраж: змяніла кабінетную бухгалтарскую    работу і перакваліфікавалася ў аператара машыннага даення. Ужо паўтара дзясятка гадоў яна паспяхова працуе на малочнатаварнай ферме «Цэнтр» ААТ «Нача». Шмат гадоў Людміла Чарапавіцкая ўзначальвае бадай лепшую МТФ гаспадаркі. Увогуле яе
працоўны стаж у сельскай  гаспадарцы – больш за чатыры
дзесяцігоддзі.
Хутка асвоіць навыкі аператара машыннага даення дапамагала свякроў Марыя Чарапавіцкая, якая ў «Начы» працавала даяркай з 1952 года і з’яўляецца заснавальніцай сельскагаспадарчай дынастыі Чарапавіцкіх.
У мінулым годзе «ЛВ» разам са старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Вольгай Анікей напярэдадні Дня сям’і пабывалі па аграгарадскім адрасе ў Начы на вуліцы Садовай, дзе атрымалі ўнушальны зарад натхнення, асалоды ад атма-сферы дабрыні, узаемапавагі і шчырасці, якая пануе ў вялікай і дружнай сям’і Чарапавіцкіх. Эпіцэнтрам, сувязным звяном паміж рознымі пакаленнямі з’яўляюцца яны, прадстаўніцы прыгожай паловы сям’і. Таму сёлета, напярэдадні Дня жанчын і ў Год беларускай жанчыны, знаёмства з прадстаўнікамі начаўскай сельскагаспадарчай дынастыі, чый агульны працоўны стаж складае 177 гадоў, пачнём з жаночай паловы сям’і.
У цэнтры ўвагі 95-гадовая Марыя Чарапавіцкая. Можна смела сказаць, што ўсё ў доме круціцца вакол Марыі Варфаламееўны.
– Яна для нас самы родны і блізкі чалавек. Для майго мужа – мамачка, бо нарадзіла і выхавала, для мяне свякроў па статусе, а па жыцці – мама. Я з 13-гадовага ўзросту сірата. І ўжо дарослай, дзякуючы Марыі Варфаламееўне, зноў адчула мацярынскую пяшчоту і любоў. Яна не толькі дапамагала мне асвоіцца і затрымацца ў прафесіі, але ўзяла на сябе і значную частку хатніх абавязкаў. А яе дапамогу ў выхаванні ўнукаў і ўвогуле цяжка пераацаніць. Для нашых з мужам дзяцей, і калі былі малымі, і цяпер, бабуля – галоўны чалавек, – расказвае Людміла Чарапавіцкая. Дарэчы, называць свякроў мамай у Чарапавіцкіх – адна з традыцый. Мама і тата – толькі так звяртаецца да свекрыві і свёкра іх нявестка Ганна.
Як і свякроў, Людміла Чарапавіцкая ганарыцца тым, што жыве і працуе ў сельскай мясцовасці, і адзначае, што нават не ўяўляе сябе гараджанкай, бо ў вёсцы і паветра зусім іншае, напоўненае водарам траў і кветак, і людзі такія добразычлівыя, працавітыя. «А дзецям, якое тут раздолле», – сцвярджае мнагадзетная маці: Людміла нарадзіла і выхавала з мужам траіх дзяцей і ведае, пра што гаворыць.
Пачатак 2026 года для Людмілы Чарапавіцкай выдаўся багатым на разнастайныя прыемныя сюрпрызы і цікавыя сустрэчы. Ёй давялося з загадчыка фермы часова стаць публічнай асобай.
Напрыканцы лютага Людміла і Мікалай Чарапавіцкія ўдзель-
нічалі ў V Міжнародным форуме «Малочная ферма», дзе ўпершыню быў прэзентаваны фотапраект «Дынастыі: вёска ў спадчыну», прысвечаны людзям, для якіх работа ў жывёлагадоўлі стала сямейнай справай, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. А
3 сакавіка наша зямлячка сярод 118 прадстаўніц усіх раёнаў краіны, хто сваёй працай уносіць важкі ўклад у развіццё беларускай вёскі, удзельнічала ў маштабным рэспубліканскім форуме «Жанчына і будучыня вёскі», які прайшоў у Палаце прадстаўнікоў.
Як сцвярджае наша гераіня, канешне, ганарыцца, што даверана прадстаўляць зямлячак на такім маштабным жаночым форуме. Але ў той жа час прызнаецца, што ўдалечыні заўжды сумуе па сям’і, доме, перажывае, як ідуць справы на ферме.
Дарэчы, пра работу.
– МТФ «Цэнтр» значна абнавілася апошнім часам – пабудаваны новыя падраздзяленні. Адпаведна, палепшыліся вынікі і ў надоях, і ў прывагах, – сцвярджае Ганна Чарапавіцкая.
І сярод іншых заслуга ў добрых вытворчых паказчыках і ў прадстаўніцы малодшага пакалення Чарапавіцкіх – нявесткі Ганны, яна выхавальніца «ясельнай» групы, даглядае за цяляткамі ад нараджэння да двух месяцаў. А пачынала працоўную сельскагаспадарчую біяграфію таксама аператарам машыннага даення на МТФ «Цэнтр» і вучылася ў сваёй свекрыві.
Прадаўжаючы тэму сямейнай дынастыі, варта адзначыць, што на МТФ «Цэнтр» доўгі час працавалі жывёлаводамі два Мікалаі  Чарапавіцкія.
Старэйшы зараз на заслужаным адпачынку, сын – працуе трактарыстам.
Аднак вернемся ў дом Чарапавіцкіх. Большасць клопатаў па хатняй гаспадарцы, а яна немалая – каровы, свінні, куры, іншая жыўнасць – зона ўвагі Ганны і Мікалая. А Людміла знаходзіць час, каб смачна пакулінарыць, заняцца любімай вышыўкай ці ўдзяліць час кветкам, бо, як лічыць наша гераіня, калі вакол прыгажосць – гэта цудоўна.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Людміла ЧАРАПАВІЦКАЯ, удзельніца рэспубліканскага форуму «Жанчына і будучыня вёскі»:
– Мне вельмі пашчасціла ў Год беларускай жанчыны стаць удзельніцай такога маштабнага рэспубліканскага форуму. Колькі эмоцый і ўражанняў атрымала, не выказаць словамі. Яшчэ па дарозе ў Мінск пазнаёмілася з жанчынамі з розных раёнаў Брэстчыны, кожная з іх цікавая асоба, якая адбылася ў прафесіі, грамадскім жыцці. Я ўпершыню пабывала ў Авальнай зале Дома ўрада. Далей нас чакаў зацікаўлены дыялог пра сёння і заўтра краіны, пра жыццё ў сельскай мясцовасці. Усіх удзельніц форуму ад імя дэпутацкага корпуса вітаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергяенка. Было прыемна пачуць словы спікера аб тым, што ў вёсцы на жаночых плячах трымаецца работа аграпрамысловага комплексу, сферы адукацыі, аховы здароўя, культуры, сельвыканкамаў. Ігар Сергяенка падкрэсліў, што беларускім жанчынам падуладны ўсе прафесійныя вяршыні. Змястоўна, цудоўна з трыбуны Авальнай залы гучалі выступленні вясковых жанчын, якіх аб’ядноўвае адна, але такая важная мара – каб жыццё ў сельскай мясцовасці станавілася ўсё лепшым.
Увага акцэнтавалася і на тым, што ў дзяржаве шмат робіцца для таго, каб людзі, асабліва моладзь, заставаліся жыць і працаваць у вёсцы.
У захапленні засталася ад талентаў вясковак розных узростаў і прафесій падчас наведвання тэматычнай выставы «Пяшчота зямлі беларускай у жаночых далонях». Асабліва прыемна было атрымліваць цюльпаны – сімвал Дня жанчын і падарункі, у тым ліку музычныя. А экскурсія ў Палац Незалежнасці перасягнула ўсе мае чаканні, настолькі ўсё грандыёзна.