І ў двары растуць «падснежнікі». Брудныя. Што паказаў рэйд у Ляхавічах

На вуліцах і завулках, тэрыторыях шматкватэрнай забудовы і прадпрыемстваў і арганізацый застаецца ўсё менш і менш снегу. І ўсё відавочней сляды людской безгаспадарчасці. Смецце, рэшткі будаўнічых матэрыялаў і нават мэблі – такія і іншыя «падснежнікі» ў якасці непрыемнага сюрпрызу можна знайсці на месцах раставання снегу.

Кантэйнерныя пляцоўкі для паасобнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і цвёрдых камунальных адходаў, стан тэрыторый шматкватэрнай жылой забудовы і некаторых аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры трапілі ў зону ўвагі падчас сумеснага рэйду райЦГіЭ і «ЛВ».

Пачнём з вуліцы Інтэрнацыянальнай. На кантэйнерных пляцоўках (фота 1) адносны парадак, калі не звяртаць увагі на пэўныя не зусім чыстыя моманты. Так, на кантэйнернай пляцоўцы насупраць дома № 35 відаць, што смецце з кантэйнераў вывезена. Але ж нядбайныя гас-
падары паленаваліся выкінуць мяхі з адходамі ў кантэйнер, а паставілі іх побач з ёмістасцямі. Кантэйнерная пляцоўка каля дома № 17 – пашыраная. Тут ўстаноўлены скрыні як для збору ЦКА, так і паасобнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў.
– Непасрэдна на самой пляцоўцы парадак. Відаць, што камунгас своечасова вывозіць адходы і другасныя рэсурсы. Але ёсць і праблема. Раней кантэйнерная пляцоўка знаходзілася насупраць. І грамадзяне ўсё яшчэ зносяць бытавое смецце на старое месца. Вось і зараз выкінулі галінкі сасны, якія, напэўна, яшчэ нядаўна ўпрыгожвалі чыюсці кватэру, – адзначае памочнік урача-гігіеніста Данута Багдановіч.
Завяршаючы тэму вуліцы Інтэрнацыянальнай, зазірнулі на тэрыторыі магазінаў «Капеечка» і «Санта». Па «Санце» заўваг няма (кантэйнеры для смецця пустыя, вакол аб’екта чыста. Каля ўваходу ў «Капеечку» было крыху папер і недакуркаў, але тутэйшыя работнікі хутка смецце прыбралі.
Не пакінуты без увагі і дваровыя тэрыторыі шматкватэрнай забудовы па вуліцы Арлоўскага. Яшчэ нядаўна паміж дамамі № 18 і № 20 рэгулярна «кватараваўся» стыхійны сметнік. Але, як адзначыла Данута Багдановіч, пасля таго, як быў праведзены капітальны рамонт дамоў, жыльцы сталі больш па-гаспадарску ставіцца да парадку ў дварах.
Каля магазіна «Разумны выбар» няма прэтэнзій да стану кантэйнернай пляцоўкі. За выключэннем таго, што нялішнім было б замяніць іржавую скрыню. Калі прайсці крыху далей, то ўбачыш брудную карціну і адчуеш непрыемны пах:
чарговы прыклад нядбайнасці і негаспадарскіх адносін да навакольнага асяроддзя. Размова пра дзясяткі пустых бутэлек з-пад спіртных напіткаў, выкарыстаныя скрыні-кантэйнеры, поліэтыленавыя пакеты і іншыя адходы жыццядзейнасці, выкінуты каля трубаправода (фота 2), што за магазінам «Разумны выбар». Гэта тэрыторыя з’яўляецца месцам агульнага карыстання.
І далёка не першы раз знаходзіцца ў такім стане. Камунальнікі перыядычна наводзяць парадак, але трымаецца ён нядоўга. Пакуль не знойдуцца чарговыя гора-адпачывальнікі. Не тут, дык побач.
Невялікі ўчастак паміж дамі № 56 і № 58 па вуліцы Леніна выбралі месцам для пікніка невядомыя аматары адпачынку на свежым паветры. І пакінулі пасля сябе пустыя бутэлькі і іншую шкоду прыродзе. Недалёка знаходзіцца кантэйнерная пляцоўка для збору ЦКА. На ёй чыста (зноў жа ў залік камунгасу). Але каля пляцоўкі нехта выкінуў старую канапу. І гэта на сумленні людзей, хутчэй за ўсё, жыльцоў бліжэйшых дамоў, бо наўрад ці павалакуць канапу з іншых двароў. Невядома, калі ў людзей прачнецца сумленне і з’явіцца адчуванне сапраўднага гаспадара.
Не сорамна? Хацелася б завяршыць рэйд на пазітыве, але не атрымалася. З мінулага аўторка пачала працаваць кантэйнерная пляцоўка каля дома № 46а па вуліцы Леніна. У першы ж дзень каля яе згрузілі рэшткі ложка (фота 3). Людзі, вы ўмееце чытаць? Рускімі літарамі напісана «Контейнерная площадка для ТКО». Магчыма пакаранне рублём зможа спыніць такіх аматараў выкідваць старую мэблю абы-дзе. Згодна з артыкулам 22.10 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў, іншых земляў агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі ці іншымі прадметамі на грамадзян накладаецца штраф да 5 базавых велічынь.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

1
2
3