Спорт прыгожых. «Пасябруйце са спортам, зрабіце бег часткай свайго дня» раіць ляхавічанка

«Пасябруйце са спортам, зрабіце бег часткай свайго дня», –
раіць землякам медык па прафесіі і «прафесійны аматар»
здаровага ладу жыцця Валянціна Тышкоўская

Пры гэтым папярэджвае Валянціна, што калі вы «ні разу не спартсмен», ні ў якім выпадку не варта адразу ж гнацца за рэкор-
дамі. Няхай сабе і асабістымі.
– Пачынаць неабходна з гутаркі з урачом, а свае першыя крокі ў якасці фізкультурніка рэкамендую рабіць пешшу ў самым літаральным сэнсе. Некалькі тыдняў паскораных пешых прагулак падрыхтуюць увесь арганізм і апорна-рухальны апарат, у прыват-
насці, да тэмпавага, з паступовым павелічэннем дыстанцыі ці скорасці яе пераадолення, бегу, – тлумачыць блізкую ёй тэму памочнік урача-эпідэміёлага Ляхавіцкага райЦГіЭ Валянціна Тышкоўская. Спорт суправаджае нашу маладую зямлячку з максімальна юных гадоў.


– Захапленне пачалося ў сценах маёй роднай Тухавіцкай сярэдняй школы. Прыйшло і засталося ў многім дзякуючы школьнаму настаўніку фізічнага выхавання Віктару Зенчанку.
Віктар Фёдаравіч нярэдка практыкаваў індывідуальны падыход да кожнага са сваіх вучняў. У тым ліку і ў залежнасці ад асабістых магчымасцяў, зацікаўленасці, інтарэсу вучня да таго ці іншага віду фізічнай актыўнасці. Вучыў-тлумачыў, а многія спартпрактыкаванні мог прадэманстраваць асабіста, чым яшчэ больш матываваў нас на «спорт праз усё жыццё».
У юнацкія гады словы настаўніка маюць асаблівую вагу, «доўгае» значэнне, – узгадвае Валянціна.
Студэнцтва і праца па атрыманай медыцынскай спецыяльнасці не зменшылі жаданне Валянціны рухацца да новых вяршынь-вынікаў. Бег, тэмпавая язда на веласіпедзе, «гульнявы спорт» і іншыя віды, даступныя ці не для кожнага шчыра жадаючага фізкультактывіста.
– Свайго веласябра пад назвай «Фармат» у гэтым годзе яшчэ не ставіла на колы. Вы ж ведаеце, якой выдалася сёлетняя зіма. Але вельмі сумую, чакаю не дачакаюся, калі з’явіцца магчымасць «злавіць вецер у твар», пераадолець стартавыя ў новым сезоне сотні велакіламетраў. А летнія месяцы – гэта ў значнай ступені турызм, удзел у турыс-
тычных злётах у складзе, напрыклад, медыцынскіх работнікаў. І, канешне ж, бег, яго звышдаступнасць пастаянна застаюцца ў сферы маіх спартыўных інтарэсаў, – гаворыць Валянціна.
На працягу мінулага года Валянціна Тышкоўская – індывідуальна, у складзе каманды, бегавых квартэтаў Ляхавіцкага раёна вызначалася
на розных бегавых форумах. Напрыклад, у маі 2025-га Валянціна была сярод ляхавічан – удзельніц брэсцкага «Забегу першых», у верасні пацвердзіла сваю высокую лёгкаатлетычную кампетэнцыю ў «Мінскім паўмарафоне».
У кастрычніку паказала сябе ў прабегу «Жырандоля», які ладзіўся на тэрыторыі Баранавіцкага рэгіёна. І гэта далёка
не поўны пералік спартыўных пляцовак Валянціны Тышкоўскай.
У адзін з дзён нядаўняга лютага спартсменка-аматар стала ўдзельніцай не зусім звычайнага забегу: неабходна было на скорасць узняцца на 17-ы паверх офіснай высоткі ААТ «Беларуськалій».
– Новы і дастаткова незвычайны вопыт. Ад атлета патрабуюцца сіла ног, аб’ём дыхальнай сістэмы, высокая кардыяпадрыхтоўка. Некалькі апошніх лесвічных пралётаў на вяршыню пераадольвала, так бы мовіць, на маральна-валявых якасцях. Ног ужо «не было», толькі думка – дабрацца да фінішнай кропкі. Аб перамозе нават не марыла. Але яна прыйшла: сярод ці не паўсотні ўдзельніц жаночай часткі спаборніцтваў мае секунды аказаліся самымі хуткімі, – расказае Валянціна.
А ўжо заўтра мы, магчыма, убачым нашу спартыўную, актыўную, неабыякавую зямлячку сярод удзельніц васьмісакавіцкага «Прыгожага забегу». Старт – каля «брыльянта» – Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Іван КАВАЛЕНКА.