Бязмежна люблю Ляхавіччыну і ляхавічан. Сцвярджае вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ляхавіцкага раёна

Вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ляхавіцкага раёна Валянціна Юрлевіч дакладна ведае ўвесь алгарытм атрымання пуцёвак у санаторыі і прафілакторыі, дзіцячыя летнікі
і здраўніцы.

Яна заўжды ў курсе ўсіх змяненняў у заканадаўстве, што тычацца аздараўлення, і можа адказаць на любыя пытанні па гэтай тэме. І не дзіўна, што ў плане атрымання пуцёвак на аздараўленне Ляхавіцкі раён адзін з лідараў на Брэстчыне. За мінулы год на тысячу працуючых выдаткавана 11,4 пуцёўкі (сярэднеабласны паказчык – 6,9), з 210 дзяцей, якія маюць патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні, 33 працэнты (сярэднеабласны паказчык – 28 працэнтаў) летась аздаравіліся. І гэта лепшы вынік у вобласці. За прафесіяналізм, высокія паказчыкі і па выніках работы за 2025 год Валянціна Юрлевіч узнагароджана Ганаровай граматай прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.
– Папулярнасць беларускіх санаторыяў не толькі не змяншаецца, а, наадварот, павялічваецца. І гэтаму спрыяюць многія фактары – пашыраецца матэрыяльна-тэхнічная база здраўніц, з’яўляеццца ўсё больш сучасных і запатрабаваных у насельніцтва медыцынскіх паслуг, плюс выдатнае збалансаванае харчаванне, разнастайны актыўны і культурны адпачынак. Ды і кошт пуцёвак, асабліва з разнастайнымі скідкамі, немалаважны аргумент на карысць адпачынку па-беларуску. Канешне, задаволіць попыт усіх землякоў на льготныя санаторныя пуцёўкі немагчыма. Таму стараемся адпраўляць на аздараўленне тых, каму гэта больш патрабуецца па медыцынскіх паказаннях. Нагадаю, што за поўны кошт пуцёўку можа атрымаць кожны, – адзначае Валянціна Юрлевіч.
Усё гэта – прафесійны зрэз жыцця Валянціны
Юрлевіч. Не менш значную ролю мае і актыўная грамадзянская пазіцыя нашай зямлячкі. Яна адказны сакратар Ляхавіцкай раённай ветэранскай арганізацыі, і без яе непасрэднага ўдзелу не абыходзіцца ні адно мерапрыемства, што ладзіцца для грама-
дзян шаноўнага ўзросту. Яна не толькі сярод арганізатараў, а яшчэ і непасрэдны ўдзельнік. Яна ў цэнтры падзей на мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці, спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах ці канцэртных праграмах.
Ляхавічанкай Валянціна Юрлевіч стала больш за чатыры дзесяцігоддзі назад. Тады ўраджэнка Століншчыны пасля заканчэння Гомельскага кааператыўнага інстытута прыехала па размеркаванні ў Ляхавіцкае сельпо на пасаду намесніка галоўнага бухгалтара. З таго часу і доўжыцца яе шматгадовы раман з Ляхавіччынай. З мужам выхавалі сына і дачку, цяпер дзядулеў і бабулін клопат, любоў і пяшчота – трое ўнукаў.
А яшчэ ў Валянціны Юрлевіч нямала сябровак, з якімі яна гатова ў адно імгненне сабрацца і рвануць, напрыклад, на адзін з канцэртаў «Славянскага базару ў Віцебску» ці адправіцца на экскурсію.
У працоўнай біяграфіі зямлячкі не надта многа адрасоў. Больш
за 20 гадоў працавала ў спажыўкааперацыі – галоўным бухгалтарам,
намеснікам старшыні праўлення.
Потым 10 гадоў шчыравала галоўным бухгалтарам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Цяпер у адказе за размеркаванне пуцёвак у санаторыі і прафілакторыі. І, як і шмат дзесяцігоддзяў назад, Валянціна Юрлевіч не перастае захапляцца Ляхавіччынай, якая стала для яе галоўнай
малой радзімай.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

