Сям’я – месца сілы і пяшчоты. Сярод тых, хто ўдастоены высокай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Маці- і жыхарка аграгарадка Нача Ляхавіцкага раёна

У Год беларускай жанчыны ў нашай краіне прадаўжаецца ўшанаванне прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, якія сваёй любоўю, цеплынёй, пяшчотай падтрымліваюць сямейны ачаг.
У лютым Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб узнагароджанні больш як 200 жанчын, якія выхавалі пецярых і больш дзяцей, ордэнам Маці. Сярод тых, хто ўдастоены такой высокай дзяржаўнай узнагароды і жыхарка аграгарадка Нача Ганна Бажэжа (на здымку).

Шчаслівая! І гэта адчуваецца ў шчырай усмешцы, зіхаценні вачэй, прыўзнятым настроі, энергіі, якая фантануе з гэтай прыгожай, жыццярадаснай і таленавітай жанчыны. Ганне Бажэжа вельмі пасуе выраз «жанчына можа ўсё». Яна паспяховая дома і на рабоце, у валанцёрстве і творчасці.

Пачнём з самага галоўнага на думку нашай гераіні:
– Я бязмежна шчаслівая мама цудоўных сыноў і дачок. Дзеці – маё натхненне, радасць, стымул, самая важная падтрымка і надзея.
Ганна Бажэжа з пяшчотай знаёміць са сваёй выдатнай пяцёркай:
– Старэйшы Мацвей пайшоў ужо на свой хлеб – працуе на прадпрыемстве па выпуску мэблі ў Баранавічах. 16-гадовы Мікіта – навучэнец Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў. А дома падрастаюць малодшыя. Лізавета вучыцца ў чацвёртым класе, Сафія – у трэцім, і Аляксандр, ён першакласнік.

Зразумела, застаць усю вялікую сям’ю адначасова ў Начы амаль што нерэальна, старэйшыя хлопцы большасць часу праводзяць у Баранавічах. Затое малодшыя сястрычкі і брацік падрабязна расказалі пра сямейныя традыцыі, звычкі, інтарэсы і захапленні кожнага. Ды і каментарыі мамы яўна не лішнія:

– Нават не ведаю, як бы справілася з усім і ўсімі, калі б не дапамога старэйшых сыноў. Так здарылася, што калі памёр муж, нашаму Шурыку, так з любоўю называем самага меншага ў сям’і, не было і паўгода. Хлопцы дапамагалі ў многім: і па гаспадарцы, якая ў нас была вельмі вялікай, і ў доглядзе малых. А цяпер Ліза і Сафійка клапоцяцца пра браціка, і парадак у хаце, у двары разам падтрымліваем.
Дзяўчынкі падхапілі мамін расказ і паведамілі, што яны самі могуць пасмажыць амлет, спячы аладкі, зварыць макароны так, каб яны не зліпаліся, нават асвоілі майстэрства гатаваць дранікі. І ўсяму навучыліся ад мамы. А пра тое, што Ганна Бажэжа пячэ смачныя духмяныя пірагі ў рускай печы, ведаюць не толькі яе блізкія, але і ўвесь Начаўскі дзіцячы садок, дзе яна працуе.
– Наша Ганна Іванаўна – цудоўны добразычлівы чалавек, які гатовы заўжды прыйсці на дапамогу. Яна творчая натура, якой цікава спрабаваць сябе ў чымсьці новым. За што б яна ні бралася, усё атрым-
ліваецца. Прафесійная швачка, вяжа спіцамі і кручком, вышывае, а якія карціны малюе! У калектыве яе вельмі паважаюць і цэняць. Канешне, мы рады і ганарымся, што ў нашым невялікім калектыве ёсць калега – уладальніца ордэна Маці, – адзначае загадчык Начаўскага дзіцячага сада Алена Герус.
У Ганны Бажэжа ёсць яшчэ адна адметнасць. Яна валанцёр пошукавага атрада «Анёл», неаднаразова прымала ўдзел у пошуках людзей.
– Спачатку спрабавала прывучыць да пошукаў нашага сабаку Дуная, а потым спецыяльна для гэтых мэт набыла аўчарку Альму. Не магу прайсці міма чужой бяды. Калі можна дапамагчы, абавязкова трэба гэта зрабіць. Таму і прыйшла ў «Анёл». І сваіх дзяцей вучу суперажываць і быць удзячнымі за дапамогу, – дзеліцца Ганна.
Карэнная гараджанка, па яе словах, усё жыццё марыла жыць ва ўласным вясковым доме. Заўжды з пяшчотай успамінае менавіта такі дом сваёй бабулі, ад якой яна пераняла ўменне быць сапраўднай гаспадыняй, не баяцца цяжкасцей і абавязкова старацца іх пераадольваць.
– Удзячны істотнай дзяржаўнай падтрымцы. Дзякуючы ёй набылі чатырохпакаёвую кватэру ў Баранавічах. Для малодшых у школе нямала бонусаў, звяртаемся і за адраснай матэрыяльнай дапамогай, атрымліваем гуманітарную падтрымку ад раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Выгадаваць пяцёра дзяцей, прызнаюся, задача з няпростых. Але дзякуючы такой увазе з боку дзяржавы дабрабыт у сям’і забяспечаны, – сцвярджае наша гераіня.
Як і ў кожнай вялікай і дружнай сям’і, у Ганны і яе дзетак ёсць све традыцыі і любімыя святы. Сярод якіх самае-самае – Новы год, бо, як сказала Сафія, усе на Новы год збіраюцца разам, і тады вельмі весела.
Мары збываюцца, упэўнена Ганна Бажэжа. Вестка пра тое, што яна ўдастоена ордэна Маці, стала для яе сюрпрызам і прынесла самыя шчырыя эмоцыі радасці.
– Канешне, ведала, што былі адпраўлены дакументы, але не сачыла за ходам падзей. Таму, калі мне пачалі тэлефанаваць і віншаваць з атры-
маннем такой ганаровай дзяржаўнай узнагароды, крыху разгубілася.
Але пазней, асэнсаваўшы ўсю сітуацыю, адчула неверагодныя эмоцыі, – дзеліцца мнагадзетная маці. – Самае галоўнае – выгадаваць дастойных, справядлівых дзяцей. Калі гляджу на сваіх старэйшых, разумею, што ўсё раблю правільна. Мая задача як мамы – быць побач, падтрымаць, дапамагчы парадай і пры неабходнасці накіраваць на правільны шлях.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.