Верныя прысязе. Шчырыя віншаванні і заслужаныя ўзнагароды 4 сакавіка прымаў і калектыў Ляхавіцкага РАУС

Дзень міліцыі – прафесійнае свята людзей, якія выбралі сваім абавязкам служыць закону, забяспечваць правапарадак і бяспеку грамадзян. Шчырыя віншаванні і заслужаныя ўзнагароды 4 сакавіка прымаў і калектыў Ляхавіцкага РАУС.
– Служба ў міліцыі – прызванне. Вы стаіце на варце закону, абараняеце жыццё і маёмасць насельніцтва. Дзякуй вам за мужнасць, вытрымку і вернасць службоваму абавязку. Асаблівая падзяка нашым ветэранам, якія заклалі традыцыі і перадалі нам бясцэнны вопыт, – адзначыў начальнік РАУС Дзяніс Майсеня падчас святочнага канцэрта «На варце парадку» і пажадаў калегам і ветэранам здароўя, сямейнага дабрабыту і мірнага неба. Падзяка РАУС уручана ветэранам органаў унутраных спраў Аляксандру Бурбіцкаму, Мікалаю Смаршчку і Міхаілу Ільюкевічу. Узнагароды атрымаў і шэраг супрацоўнікаў райаддзела.
У Год беларускай жанчыны асаблівыя словы падзякі адрасаваны прадстаўніцам у пагонах. У Ляхавіцкім РАУС працуюць шэсць жанчын і, нягледзячы на цяжкасці службы, яны застаюцца клапатлівымі маці, жонкамі і гаспадынямі.
Дзень міліцыі – свята, якое звязвае эпохі і мае вялікае значэнне як для ветэранаў, якія заклалі традыцыі, так і для тых, хто
сёння ў страі. Менавіта пераемнасць пакаленняў з’яўляецца моцнай асновай міліцыі, падкрэсліў старшыня раённай арганізацыі ветэранаў РАУС Іосіф Зубік. Маёр міліцыі ў запасе два дзесяцігоддзі ўзначальвае пярвічку і заўсёды гатовы даць урокі патрыятызму выхаванцам ваенна-патрыятычнага клуба міліцэйскай накіраванасці «Фартэцыя», які дзейнічае на базе СШ № 1. У адрас калектыву РАУС –
словы ўдзячнасці за настаўніцтва і плённае супрацоўніцтва ад
дырэктара СШ № 1 Надзеі Лапіч, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Івана Шпака. Для навучэнцаў важна мець побач такі прыклад мужнасці і гонару.
Кульмінацыйны момант ўрачыс-тасці – уручэнне чарговых спецыяльных званняў і пагонаў супрацоўнікам райаддзела. Старшаму лейтэнанту Віталію Малевічу загадам кіраўніцтва УУС Брэсцкага аблвыканкама прысвоена званне капітана міліцыі. Загадам РАУС старшы сяржант Артур Бацкалевіч будзе насіць пагоны старшыны, а сяржантам Максіму Чарняку і Яўгенію Бандзічу прысвоена званне
старшага сяржанта міліцыі. Кіраўніцтва РАУС падкрэсліла, што кожны з узнагароджаных заслужыў павышэнне сваёй добрасумленнай працай і адказнасцю.
У святочны дзень падарунак калектыву РАУС ад творчых калектываў ГДК – цудоўны канцэрт, напоўнены сардэчнымі пажаданнямі. Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак да памятнага знака на алеі ветэранаў і агульным фота на памяць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

