Ляхавічы: лялечны тэатр «Метамарфоза» гарадскога Дома культуры атрымаў званне – народны

Лялечны тэатр «Метамарфоза» гарадскога Дома культуры атрымаў званне – народны. Так высока ацэнена сямігадовая праца творчага калектыву пад кіраўніцтвам спачатку Эліны Фёдаравай, а зараз Міхаіла Стрыжова.

Тэатр крочыў да “народнага”, збіраючы перамогі і дыпломы разнастайных конкурсаў і фестываляў. Удзел у рэспубліканскім калядным фестывалі “Радасць”, які праходзіў у сталіцы, прынёс дыплом І ступені. На суд VIII Міжнароднага фестывалю-форуму тэатральнага мастацтва «Teatron-line» «Метамарфоза» прадставіла спектакль “Збавіцель” і заслужыла дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі “лялечны спектакль”, а кіраўнік калектыву быў адзначаны падзякай за асабісты ўклад у культурнае, духоўнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення. І гэта толькі частка дасягненняў калектыву лялечнага тэатра.
Спектаклі самадзейныя артысты ставяць на аснове традыцыйнай формы беларускага фальклору – батлейкі. Але пры гэтым выкарыстоўваюць гульнёвыя інтэрактыўныя праграмы для дзяцей, у арсенале і спектакль “Айбаліт”. Плануюць асвоіць і папулярны зараз стыль “людзі і лялькі”.
Выступае “Метамарфоза” перад дашкалятамі і навучэнцамі ўстаноў адукацыі. Лялькі пры гэтым робяць самі, а таксама маюцца ў іх і вырабы майстроў Ляхавіччыны.
Калі хтосьці з ляхавічан жадае прыняць удзел у будучых творчых праектах “Метамарфозы” – шчыра запрашаем у нашу лялечную сям’ю. Тэлефануйце +375(29) 288-95-84.
Людміла ЛАМАКА, мастацкі кіраўнік ГДК.