Сем хвілін, якія могуць вырашыць многае. Сёння прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў горада Ляхавічы Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў

Не больш за сем хвілін – менавіта столькі часу ёсць у супрацоўнікаў аддзялення па ахове аб’ектаў горада Ляхавічы Баранавіцкага аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў, каб прыбыць на спрацоўванне сігналізацыі ці на трывожны сігнал з ахоўваемых аб’ектаў. На практыцы, на месцы яны аказваюцца значна раней і паспяваюць ацаніць сітуацыю, прыняць рашэнне і, калі трэба, затрымаць злачынцу.

29 кастрычніка супрацоўнікі аховы адзначылі прафесійнае свята – Дзень стварэння падраздзяленняў Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў.
У Ляхавіцкай ахове сёння нясуць службу больш за паўсотні чалавек, з якіх амаль палова – супрацоўнікі міліцыі. Мінулы год для аддзялення па ахове аб’ектаў горада Ляхавічы выдаўся асаблівым: па яго выніках калектыў прызнаны лепшым у рэспубліцы ў сваёй падгрупе. Дзякуючы перамозе аўтапарк аддзялення папоўніўся новенькім аўтамабілем, на якім экіпаж здольны аператыўна прыбываць на выклік.
– З пачатку года выканана больш за 300 выездаў, якія ў большасці датычылі спрацоўвання сігналізацыі. Пад аховай аддзялення знаходзяцца больш за 200 аб’ектаў і звыш 150 кватэр землякоў. Перад калектывам стаяць задачы па абароне маёмасці прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і насельніцтва, – падкрэслівае начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў горада Ляхавічы Андрэй Андрэеў.

Дарэчы, летась ён стаў пераможцам абласнога конкурсу прафмайстэрства, а на рэспубліканскім спаборніцтве па выніках удзелу ў міліцэйскай эстафеце заняў ганаровае трэцяе месца.
У аддзяленні нясуць службу кваліфікаваныя і адказныя супрацоўнікі.

Да прафесійнага свята нагрудны знак «За адзнаку» ўручаны старшаму інспектару-інжынеру Мікіце Рубцову. Узнагароду ва ўрачыстай абстаноўцы ён атрымаў з рук начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Дзмітрыя Казака. Старшы інспектар-інжынер больш за тры гады ў ляхавіцкім аддзяленні займаецца абсталяваннем аб’ектаў тэхнічнымі сродкамі аховы, а ў сістэме – больш за дзесяцігоддзе. Дзякуючы датчыкам, сігналізацыя ў кватэры, якая стаіць на ахове, рэагуе і на скразняк, і на пажар.

Больш за чвэрць стагоддзя аддалі службе ў ахове міліцыянеры-вадзіцелі Ігар Касаковіч і Валерый Зуйкевіч. Дзякуючы ў тым ліку ім, ахова – адно з самых мабільных падраздзяленняў.
Нядаўна рады аддзялення папоўніў міліцыянер групы міліцыі Максім Гаўрыленя, які прыйшоў сюды пасля каледжа МУС. Для яго гэта – альтэрнатыва тэрміновай службе ў арміі: заключыў кантракт на пяць гадоў і сёння паспяхова асвойвае прафесійныя тонкасці.
Вызначаюцца супрацоў-нікі аховы і не толькі ў прафесійнай дзейнасці. Так, на рахунку міліцыянера групы затрымання Аляксандра Кандратчыка і два выпадкі выратавання дамоў ад агню. Адзін з іх адбыўся сёлета, за што ахранавец ўзнагароджаны Падзякай старшыні райвыканкама.
У штаце аддзялення аховы Дэйзі і Рокі – службовыя сабакі, «выхаваннем» якіх займаюцца міліцыянеры-кінолагі Іван Грыцкевіч і Павел Ціхаў. Чатырохлапыя гадаванцы – сапраўдныя памочнікі, якія дапамагаюць выяўляць парушальнікаў.

Служба супрацоўнікаў аховы – гэта і раскрыццё крадзяжоў.
Нядаўна на адным з прадпрыемстваў райцэнтра, дзе нясуць службу супрацоўнікі аховы, затрыманы два работнікі, якія спрабавалі вынесці прадукцыю. А яшчэ быў выпадак у магазіне, дзе пакупнік вырашыў заплаціць за дзве бутэлькі спіртнога, а трэцюю схаваць…. Знайшлі яго па прыкметах супрацоўнікі аховы. І такіх прыкладаў нямала.
– Дзякую супрацоўнікам аховы за іх службу, уваж-лівасць і адказнасць, ветэранам – за вопыт і традыцыі. Здароўя вам і вашым блізкім, сямейнага дабрабыту і міру, – адрасуе віншаванні калегам начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў горада Ляхавічы Андрэй Андрэеў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.