Майскія справы і вынікі. Валавая вытворчасць малака ў Ляхавіцкім раёне працягвае павялічвацца
Валавая вытворчасць малака ў раёне працягвае павялічвацца. На працягу вось ужо некалькіх апошніх гадоў прыкладна на пяць-дзесяць працэнтаў штомесячна ў параўнанні з леташнім – базавым – узроўнем.
У якасці арыенціра варта прывесці параўнальную статыстыку, якія лічбы вызначалі работу жывёлагадоўлі Ляхавіччыны на фінішы мая мінулага года і як яны «варухнуліся» па выніках работы за першыя пяць сёлетніх месяцаў. Мінулагодні вал майскага малака ў гаспадарках раёна складаў 33 769 тон. За наступныя 12 месяцаў гэта лічба крочыла ўверх – дасягнула 35 352 тон.
Вырас і паказчык надояў на сярэдне-раённую карову: з 3 042 леташніх кілаграмаў да 3 104 сёлетніх. Важна, што фактам росту гэтай лічбы адзначылася большасць нашых сельгаспрадпрыемстваў: «Нача» на 125 адзінак масы, «Белпрампрыбор» на 178, «Жарабковічы» на 264, а «Ляхавіцкі» аж на 325.
На жаль, ёсць і «мінусавыя» прыклады. Даволі значна адскочыла ад сябе леташняга «Белазем’е».
– У гэтага прадпрыемства відавочны шырокія рэзервы, якія пакуль, на жаль, слаба рэалізоўваюцца. Адзін з рэзерваў – у неабходнасці ўмацавання гаспадаркі кадрамі жывёлагадоўчага профілю. Нядаўні прыход на прадпрыемства двух маладых спецыялістаў з’яўляецца добрым знакам. Пакуль работнікі ўліваюцца ў калектыў, спасцігаюць нюансы практычнай работы, абжываюцца ў новай для сябе сітуацыі. Хочацца спадзявацца, што іх веды, маладая актыўнасць, адданасць справе стануць добрым драйверам на шляху павышэння эфектыўнасці работы жывёлагадоўлі «Белазем’я», – адзначае першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
Пасля нядаўняга працяглага і вельмі ўпэўненага перыяду росту ў мінулым маі змінусавала па ўдойнасці і СУП «Ліпнянка». Не ў такой ступені, як папярэдняе, на крыху больш як 180 кілаграмаў за год, аднак, што называецца, факт мае месца.
– Па «Ліпнянцы» сітуацыя бачыцца некалькі з іншага боку, разгортваецца ў іншай плоскасці. Апошнім часам унітарнае сельгаспрадпрыемства вельмі актыўна ўкладваецца ў будаўніцтва новых і глыбокую рэканструкцыю старых жывёлагадоўчых памяшканняў. Работы на аб’екце яшчэ не завершаны, аднак ужо сёння колішнюю старую ферму ў аграгарадку Востраў вы не пазнаеце. Узведзены і сучасна абсталяваны даільна-малочны блок, для жывёлы створаны новыя ўмовы ўтрымання-кармлення-паення. Не забыліся і пра жывёлаводаў, у якіх цяпер прадугле-джана ўсё неабходнае ў адпаведнасці з апошнімі патрабаваннямі вытворчых і санітарна-бытавых стандартаў. Шмат увагі СУП засяроджвала апош-нім часам на павелічэнні пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Напрыклад, сёння на розных комплексах прадпрыемства ўтрымліваецца 1 644 каровы. Пры тым, што яго магутнасці абгрунтавана разлічаны на пастаноўку паўтары тысячы галоў. Зараз вя-дзецца-працягваецца, так бы мовіць, аптымізацыя гэтага статка. На карысць высокапрадукцыйных рагуль выбракоўваюцца малаэфектыўныя. Праўдай з’яўляецца і тое, што ў кадравае пытанне ў некаторай ступені закранула і СУП «Ліпнянка». Узгадаю параўнальна нядаўнюю змену кіраўніцтва, асобных спецылістаў-жывёлаводаў і іншыя вытворчага плану моманты, – тлумачыць Васілій Пыжык.
Размова не магла не закрануць пытанні корманарыхтоўкі. Першая касавіца ў Ляхавіцкім раёне завершана.
– Сёлетняя першаўкосная трава была дастаткова ўраджайнай.
З 9 200 гектараў атрымалася нарыхтаваць амаль 16 тысяч тон кармавых адзінак травяністых кармоў. У пераразліку на ўмоўную галаву жывёлы атрымліваюцца дастаткова прывабныя 6,71 цэнтнера на галаву жывёлы, што амаль на тры адзінкі перавышае мінулагоднія на гэты дату запасы, – падсумоўвае ход першага этапу корманарыхтоўкі раёна кіраўнік райсельгасхарчу.
Кормазапасы ўласнага прыгатавання гаспадарак раёна ў абсалютнай большасці складаюцца з сенажу.
Аднак асобныя прадпрыемствы паспелі часткова ўзбагаціцца яшчэ і сенам. З планавых трох з паловай тысяч тон на год раённы «сенавал» ужо запоўнены больш як на 16 працэнтаў.
А тым часам асобныя сельгаспрадпрыемствы Ляхавіччыны ўжо выйшлі на атаву.
Іван КАВАЛЕНКА.


