Крэатыў для чытаючых. Ляхавіцкая раённая бібліятэчная сістэма аб’яўляе конкурс на стварэнне лагатыпа «Ляхавічы чытаючыя»

Як часта вы ходзіце ў бібліятэку? Яшчэ са школьнага часу памятаю гэтыя бясконцыя стэлажы з кнігамі. Табе, такому маленькаму і цікаўнаму, кнігу дапамагае падабраць супрацоўнік бібліятэкі. Абавязкова яркую і маляўнічую, з цікавымі прыгодамі.

З часам густы мяняюцца: ты прыходзіш ужо са спісам літаратуры са школы або цікавай падборкай кніг з інтэрнэту. І зноў жа, для цябе знаходзіцца ўсё ў гэтым лабірынце кніжных шафаў.

Ляхавіцкая раённая бібліятэчная сістэма аб’яўляе конкурс на стварэнне лагатыпа «Ляхавічы чытаючыя». Работы ад удзельнікаў прымаюцца з 1 ліпеня па 1 жніўня.

Абмежаванняў няма: галоўнае, каб ваша работа была крэатыўнай, яркай і запамінальнай, прываблівала ўвагу. Лагатып павінен змяшчаць простыя зразумелыя вобразы, уключаць у сабе арыгінальнае напісанне слоў ці словазлучэнняў на рускай мове і адпаведны графічны знак. А яшчэ – папулярызаваць чытанне.

Абавязковая ўмова – выява не павінна раней удзельнічаць у іншых конкурсах, а таксама ўтрымліваць запазычаныя элементы.

Для ўдзелу ў конкурсе аўтар павінен даслаць заяўку, у якой указвае імя, прозвішча і імя па бацьку, адрас, месца працы і вучобы, кантактны тэлефон, адрас электроннай пошты і каментарый да дызайн-макета эмблемы. Да заяўкі прыкладаецца эскіз лагатыпа ў электронным выглядзе.

Свае працы дасылайце на электронную пошту liblh@tut.by з паметкай «конкурс», пытанні можна задаць па тэлефоне 6-07-87.

Ірына КУЗЬМІЧ.